У Беларусі палічылі патэнцыйных «дармаедаў»


Беларускія медыя апублікавалі звесткі Белстату што да колькасці грамадзянаў, якія не хочуць працаваць ці з нейкіх прычынаў не могуць узяцца за працу. Імаверна, яны прэтэндуюць на званне «дармаедаў». Хаця тыя, хто не ўладкаваны афіцыйна, маюць падвышаныя камунальныя плацяжы, колькасць занятых у беларускай эканоміцы імкліва змяншаецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стала вядома, колькі ў Беларусі патэнцыйных «дармаедаў», паведамляе рэсурс banki24.by са спасылкаю на даследаванне Белстату. З працаздольных асобаў, як аказалася, больш за 176 тысячаў працаваць не жадаюць. А ўлады зацікаўленыя ў тым, каб афіцыйна ўладкаваць усіх, кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

«Гэткую логіку дыктуе сам Лукашэнка. Ён мяркуе, што людзі, якія працуюць і чымсьці занятыя, у прынцыпе не могуць выступаць супраць яго. Над імі ў калектывах можна кантроль наладзіць, прыставіць ідэолагаў, куратараў ад спецслужбаў. І за кожным назіраць», – тлумачыць палітолаг.

Пакуль уладкаваць усіх не надта выходзіць. Болей як 200 тысячаў асобаў, паводле Белстату, працаваць хацелі б, але з нейкіх прычынаў не могуць пачаць. Дый сітуацыя, падобна, не спрыяе. За год колькасць занятых у эканоміцы зменшылася амаль на 70 тысяч асобаў. Што можна параўнаць з насельніцтвам, напрыклад, Светлагорску. Хаця даступных вакансіяў у рэспубліканскай базе ажно 100 тысячаў. Але ёсць нюанс.

«Шмат якія вакансіі ад дзяржаўнай службы занятасці не могуць быць крыніцаю даходаў для годнага існавання, у найлепшым выпадку – для фізічнага выжывання. Гэта лішні раз паказвае ўзровень эканамічнага развіцця краіны», – адзначае «Эканамічная газета».

Сярод іншых прычынаў змяншэння колькасці занятых у эканоміцы – дэмаграфічны спад, які Беларусь перажывае разам з усёй Еўропай. І, адпаведна, барацьба краінаў за працоўныя рэсурсы, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

«Беручы пад увагу палітычную сітуацыю ў Беларусі, гэта досыць лагічна, што іншыя краіны пачынаюць перацягваць да сябе кваліфікаваных спецыялістаў. Дактары, праграмісты, бізнесоўцы – розныя катэгорыі працаўнікоў з‘язджаюць», – адзначае Аляксей Харкевіч.

Колькасць беларусаў, якія з’ехалі пасля 20-га года, невядомая. Эканамістка Кацярына Барнукова называла прыблізную лічбу – болей за 100 тысяч асобаў. На думку Аляксея Харкевіча, дакладныя звесткі можа даць толькі перапіс насельніцтва. Апошні быў у 2019-м годзе. Але ўскосныя прыкметы кажуць, што адцёк працаўнікоў маштабны.

«Мы разумеем, што сыходзіць бізнес з Беларусі. У першую чаргу – ІТ. Сыходзяць прадстаўніцтвы міжнародных кампаніяў. Усё гэта так ці інакш звязана з персаналам. Многія кампаніі, асабліва ІТ, маюць філіялы ў іншых краінах і рэлакуюць туды свой персанал», – кажа Аляксей Харкевіч.

Да грамадзянаў, што з’ехалі на Захад, беларуская дзяржава спрабуе дацягнуцца калі не фізічна, то фінансава. Яны трапляюць у спісы «дармаедаў». І калі маюць на радзіме жыллё, ім налічваюць вышэйшыя камунальныя рахункі. Адпаведныя змены ў знакаміты «закон аб дармаедстве» ўнеслі летась.

«Улады такім чынам спрабуюць давесці, што беларускі пашпарт каштуе грошай. І калі чалавек ёсць грамадзянінам Беларусі, то ў якой краіне ён бы ні жыў, – павінен плаціць даніну на ўтрыманне сілавых структураў і самога Лукашэнкі», – мяркуе Дзмітрый Балкунец.

Але якія б новыя паборы ні ўводзілі для эмігрантаў, гэта не спыніць ахвотных працаваць за мяжой, адзначае палітолаг.

Валянцін Васіленка, «Белсат»