Традыцыі Святога вечара


Сёння праваслаўныя ды іншыя хрысціяне ўсходніх абрадаў святкуюць Святы вечар. Традыцыя з’явілася яшчэ ў чацвёртым стагоддзі. Гэта час не толькі падрыхтавацца да Калядаў, але і пабыць разам з сямʼёй.

«Галоўная мэта Святога вечара, на маю думку, напомніць нам усім пра цішыню. Таму што нараджэнне дзіцяці – гэта заўсёды тайна. У нашай хрысціянскай традыцыі Святы вечар – гэта час, калі мы думаем пра нараджэнне Хрыстова, які прыйшоў у свет, каб вярнуць нам людзям штосьці страшнае, штосьці чалавечае», – мяркуе святар Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандр Кухта.

Галоўная падзея гэтага перадсвяточнага дня – вячэра. Але сядаць за стол прынята толькі з першаю зоркаю на небе. Для вячэры гатуюць дванаццаць посных страваў, што сімвалізуюць колькасць апосталаў. Традыцыйна сярод іх рыба, салаты з гародніны, боршч ці грыбны суп. Але асноўная страва на стале – куцця.

«З чаго можна рабіць куццю? Ідэальна – з ячнай крупы. Але калі ў вас яе няма, ёсць іншыя варыянты. Вы можаце замяніць яе пярлоўкай, якую робяць з ячнай крупы, альбо, так званай сечкай», – распавяла журналістка Марыя Грыц.

Калі ж і гэтых крупаў у вас няма ці вам не падабаецца іх смак, для прыгатавання куцці можна ўзяць рыс.

«Тут галоўная ідэя, каб зярнятка было цэлым. І нібыта гэтае зярнятка ў кашы сімвалізуе пра нараджэнне Хрыстова, нараджэнне новага жыцця», – патлумачыла Марыя Грыц.

У куццю на Святы вечар дадаюць мёд, арэхі, мак і разынкі. Але кожная гаспадыня мае свой рэцэпт. Акрамя страваў, на стол пад абрус прынята класці невялікі пучок сена: ён нагадвае пра яслі, у якіх нарадзіўся Хрыстос. Таксама запальваюць свечкі. А пасля вячэры ўсе ідуць у царкву, на начное набажэнства, каб зранку разам святкаваць Каляды.

Ірына Юрʼева, «Белсат»