Беларускі рубель б'е ўсе антырэкорды


Курс долара да рубля расце цягам апошніх дзён. Трэцяга кастрычніка ён пераадолеў новую планку – тры рублі і трыццаць капеек. Ніколі раней беларуская валюта не была такою таннаю адносна амерыканскай. Абясцэньванне рубля працягнулася ўчора і сёння.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускі рубель таннее таксама адносна юаня і агульнаеўрапейскай валюты. Сёння ён дасягнуў псіхалагічнай адзнакі – тры з паловаю рубля за адзін еўра.

«Аслабленне курсу беларускага рубля да долара, еўра, юаня звязанае з той сітуацыяй, што складаецца на расейскім валютным рынку. Для беларускага рубля важнае значэнне мае дынаміка расейскага рубля», – лічыць экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч пагаджаецца, што гандаль з Расеяй сёння крытычна важны для беларускай эканомікі. Ва ўмовах вайны ды санкцыяў чыноўнікі пераарыентавалі экспарт на Маскву. Між тым вонкавае гандлёвае сальда нашае краіны цягам апошніх месяцаў пагаршаецца. Днямі Лукашэнка нават правёў адмысловую нараду. Там пастанавілі стварыць камісію, што зоймецца пытаннямі экспарту беларускіх тавараў. Яе ўзначаліць пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой.

«Стварэнне камісіі сведчыць, што мы маем вялікія праблемы ў экспарце і ў экспарце менавіта ў Расею. Яна займае 65 адсоткаў нашага экспарту, і таму падзенне на адзін адсотак уплывае на нашае замежнагандлёвае сальда, – разважае Аляксандр Кныровіч. – Страты на расейскім рынку – гэта страты для беларускага бюджэту, і гэта вельмі вялікая пагроза ў 2024 годзе для беларускага рубля».

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына ідзе побач з абменным пунктам «Тэхнабанку». Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Адная з магчымасцяў палепшыць гандлёвы баланс з Расеяй – дэвальвацыя беларускага рубля адносна расейскага. На думку экспертаў «Белсату», яна наўрад ці будзе значнаю.

«Я ўпэўнены, што расейскія ўлады будуць трымаць курс на псіхалагічным узроўні 100 рублёў за долар да выбараў Пуціна. Для Беларусі гэта значыць, што курс не павінен быць вышэйшы за 3,40-3,45 рублёў. Таму я не вельмі б хваляваўся – мне здаецца, яшчэ тры адсоткі, і ўсё павінна ўсталявацца», – кажа Кныровіч.

Між тым Лукашэнка будуе аптымістычныя планы на наступны год. Паводле адпаведнага ўказу, інфляцыя не перавысіць шасці адсоткаў, рэальныя заробкі вырастуць на чатыры адсоткі, ВУП – на тры і восем дзясятых. Мусіць вырасці экспарт.

«Я б ставіўся да гэтага прагнозу як да фантазіі Галоўчанкі, які мае вялікае жаданне ўтрымацца на пасадзе яшчэ год. Таму ён піша такое глупства і падае на подпіс Лукашэнку адкрытую хлусню. Жыццё ж будзе зусім іншае», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Настасся Лузгіна звяртае ўвагу на некалькі слабых месцаў лукашэнкаўскага прагнозу. Неабгрунтаваны рост даходаў пагражае рызыкай інфляцыі, большай за шэсць адсоткаў. Павелічэнне ж экспарту коштам фізічных абʼёмаў не заўсёды магчымае.

«Калійныя ўгнаенні, якія ёсць адной з асноўных экспартных пазіцыяў, застаюцца пад санкцыямі, – нагадвае Анастасія Лузгіна. – Гэта ўскладняе лагістыку дастаўкі. Акрамя таго, узнікае пытанне: каму гэта прадаваць. Адпаведна, каб купілі, хутчэй за ўсё, будуць прадаваць з дысконтам».

А пакуль працягваецца далейшая дэвальвацыя рубля. Сёння на біржавых таргах за долар давалі тры рублі і ўжо трыццаць чатыры капейкі. А значыць, заўтра Нацбанк выставіць новы рэкордны курс.

Ян Федаровіч, «Белсат»