У Менску агучылі прысуд па справе аб «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»


У Менску агучылі прысуд у адным з найгучнейшых палітычных працэсаў апошніх гадоў. Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва ды іншых падсудных па справе аб «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» прызналі вінаватымі. Выракі – да 11 гадоў зняволення. Незалежныя эксперты выказвалі думку, што справа «аб змове» – вынік спланаванай правакацыі беларускіх спецслужбаў. Хаду судовага працэсу актыўна асвятляла дзяржаўная прапаганда. Ці была так званая змова спецаперацыяй КДБ? Каму яна магла быць выгадная?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

11 гадоў калоніі Юрыю Зянковічу і па 10 гадоў – Аляксандру Фядуту і Рыгору Кастусёву. Такі вырак вынес Менскі абласны суд галоўным фігурантам неадназначнай справы пра дзяржаўную здраду. Юрыста Юрыя Зянковіча і палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі летась у Маскве. Аперацыю правяла ФСБ. Пазней затрыманыя апынуліся ў СІЗА КДБ у Менску. Паралельна ў Шклове затрымалі Рыгора Кастусёва. Усіх трох падазравалі ў змове з мэтаю захопу ўлады ў Беларусі.

ФСБ апублікавала відэа, на якім Фядута і Зянковіч абмяркоўваюць план перавароту з невядомымі асобамі ў адным з маскоўскіх рэстаранаў. Гэта былі нібыта генералы беларускай арміі. (Як высветлілася пазней – падстаўныя асобы). «Змоўнікі» нібыта хацелі нейтралізаваць толькі Лукашэнку, але і ягоную сям’ю.

«Планавалі захапіць дзяцей – аднаго, другога. Як выйдзе. Дарэчы, у Гомельскай вобласці і склеп падрыхтавалі… Яны баяліся ехаць сюды пасля таго, як мы затрымалі некалькі групаў, якія сюды ўжо зброю прывезлі і ў тайніках схавалі», – казаў Лукашэнка неўзабаве пасля затрымання Аляксандра Фядуты і Юрыя Зянковіча.

Ні склепу, ні зброі, ні тайнікоў грамадскасці не паказалі. Але дзяржаўныя медыі распавялі пра перамовы падазраваных у «Zoom». Там нібыта і плялі змову. Ігар Макар, адзін з удзельнікаў згаданых відэаканферэнцыяў, запэўнівае, што гаворка ідзе пра спланаваную правакацыю спецслужбаў, на якую паддаліся Фядута і Зянковіч.

«Гэта спецаперацыя. Гэта ведае правасуднасць. Таму тэрміны не такія вялікія. Відавочна, што гэта спланаваная аперацыя», – кажа Ігар Макар.

У рэальнасці змовы сумняваецца і палітолаг Валер Карбалевіч.

«Ва ўсім свеце, ва ўсе часы змову, пераварот рабілі людзі, што маюць зброю. Сілавікі, спецслужбы і гэтак далей. Вось гэта сапраўдная змова, пераварот. А тут далёкія ад сілавых структураў людзі вядуць гаворку пра тое, што, магчыма, слушным было б ажыццявіць сілавы варыянт», – разважае Валер Карбалевіч.

Фігурант справы Аляксандр Фядута мяркуе, што спецслужбы пачалі распрацоўваць Зянковіча, бо ён і Дзмітрый Шчыгельскі ў стрымах адкрыта абмяркоўвалі сілавыя варыянты змены ўлады ў Беларусі. Таму на Зянковіча выйшлі падстаўныя генералы. А потым усплыў план ліквідацыі Лукашэнкі.

«Супрацоўнік КДБ, у задачу якога ўваходзіла адміністраванне аднаго з найбольш радыкальных чатаў, перасылае Зянковічу план “Цішыня” – адзіны дакумент, у якім дакладна сфармуляваны план забойства Лукашэнкі, а той перасылае яго Мікалаю Аўтуховічу і Івану Жураўскаму. Але Аўтуховіч адразу бачыць у гэтым правакацыю і адмяжоўваецца», – сказаў Аляксандр Фядута ў сваім апошнім слове на судзе.

Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што так званая змова выгадная дзяржаўнай прапагандзе, каб дыскрэдытаваць мірныя пратэсты беларусаў.

«Тое, што гэта мала падобна на змову, не спыняе дзяржаўную прапаганду. Прапаганда заточаная на пошук нейкіх сілавых дзеянняў сваіх апанентаў. А тут раз – і знайшлі».

Зміцер Антончык, зяць Рыгора Кастусёва, мяркуе, што справа змоўнікаў можа мець значна глыбейшую палітычную аснову.

«Гэта больш падобна на працу расейскіх спецслужбаў. Магчыма, гэта была частка падрыхтоўкі да сітуацыі, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь. Адзін з варыянтаў таго, як зачысціць палітычнае поле, каб не было ніякіх пратэстаў супраць вайны, супраць агрэсіі», – кажа Зміцер Антончык.

Рыгор Кастусёў віны не прызнаў. Аляксандр Фядута прызнаў часткова, а Юрый Зянковіч – цалкам. Яшчэ двух фігурантаў справы – Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука – асудзілі на два з паловаю гады за ўдзел у беспарадках.

Валянцін Васіленка, «Белсат»