У Варшаве адкрылі мурал з палітвязнямі


Павел Белавус, заснавальнік крамы symbal.by, культурны менеджар, – 13 гадоў зняволення. Дар’я Лосік, жонка палітзняволенага журналіста Ігара Лосіка, – 2 гады зняволення проста за салідарнасць з мужам. Наста Лойка – праваабаронца, якая, нягледзячы на рэпрэсіі, выбрала застацца ў Беларусі, каб дапамагаць людзям, – 7 гадоў зняволення. Сусветна вядомы беларус, нобэлеўскі лаўрэат, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі – 10 гадоў зняволення. Палітык, падпалкоўнік запасу, старшыня партыі «Народная грамада» Мікалай Статкевіч – 14 гадоў зняволення. І нашая адважная каляжанка Кацярына Андрэева – 8 гадоў і 3 месяцы зняволення – за тое, што выконвала сваю працу. Вось так выглядаюць лідары Беларусі, лідары розных прафесіяў. Сёння ў Варшаве адкрылі мурал, прысвечаны беларускім палітвязням.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Імпрэза распачалася ўнутры будынку Беларускага дому. Яе адкрыла Святлана Ціханоўская:

«Выяўленыя на мурале – толькі шасцёра з некалькіх тысячаў нашых палітзняволеных (…) Не будзе перабольшаннем сказаць, што сама краіна Беларусь цяпер стала палітвязынкай. 60 тысячаў чалавек прайшлі засценкі рэжыму, пачынаючы з 2020-га».

Імпрэзу наведалі дыпламаты, у тым ліку амбасадар Польшчы ў Беларусі, а таксама амбасадары Латвіі і Харватыі ў Польшчы.

«Мы – сябры. Гэта, я спадзяюся, зразумела. Іншага шляху няма, мы мусім падтрымліваць адно аднаго», – зазначыў Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі.

«Адзін з палітвязняў Беларусі – мой добры сябар Аляксандр Фядута, які напісаў, мне падаецца, найлепшую біяграфію Лукашэнкі, мы прэзентавалі яе ў Рызе ў 2005 годзе», – згадаў Юрыс Пойканс, амбасадар Латвіі ў Польшчы.

«Харватыя не гэтак блізка да Беларусі, як Латвія, але мы ўсе блізкія ў пашырэнні тых самых каштоўнасцяў у Еўразвязе і NATO. Мы разам з амбасадарам Латвіі ездзілі ва Украіну (…) І дзе ж нам быць, як не тут, калі мы паказваем падтрыманне палітычным вязням», – распавёў Томіслаў Відошэвіч, амбасадар Харватыі ў Польшчы.

На імпрэзе прагучалі канцэрты вядомых беларускіх музыкаў – Пятра Клюева і Лявона Вольскага.

«Людзі схільныя забывацца на такія рэчы: на тое, што нязручна, на тое, што баліць. Лепей гэтага не заўважаць. Наш народ вельмі шмат гадоў жыў у такім паўсне: быццам бы я будую сваё жыццё, кватэру, дом, свая сям’я і знаёмыя – і больш нікога няма. Але гэта ўсё ілюзія, потым гэта разбураецца ў адзін момант, як у 2020 годзе», – зазначыў музыка Лявон Вольскі.

Прысутныя згадвалі вялікую салідарнасць беларусаў з палітвязнямі, у прыватнасці, нядаўні марафон, дзе сабралі больш за паўмільёна еўраў. А на мурале можна знайсці спасылку на яшчэ адзін збор, што няспынна з 2020 года праводзіць Беларускі дом у Варшаве.

«Удалося сабраць больш за 100 тысячаў у рамках гэтага збору, і гэтая дапамога ідзе канкрэтна палітвязням і іхным семʼям», – падкрэсліў кіраўнік Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

На адкрыццё муралу прыйшлі таксама былыя палітвязні, якія пасля вызвалення зʼехалі ў Польшчу. Людзі казалі пра тое, што тут зусім іншы, вольны свет. А таму місія дыяспары – казаць пра пакуты беларусаў, каб захаваць нацыянальную еднасць па-над межамі дзяржаваў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»