Чыноўнікі перасаджваюцца на «Geely»


«Джылі», «Лада» і «Аўдзі» – тройка лідараў у продажах сярод новых аўтаў у Беларусі з пачатку года. Пры гэтым у найбліжэйшай перспектыве беларусы, бадай, усё часцей будуць перасаджвацца на айчынныя, расейскія і кітайскія маркі, бо трапіць, напрыклад, «Форду» на наш рынак праз санкцыі стане яшчэ складаней.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Складаней стала цяпер купіць і «народны» аўтамабіль: у траўні стаўкі крэдытаў на куплю «Джылі» падскочылі ўдвая ў параўнанні з красавіком, да рэкордных 8 адсоткаў.

«Паўсюль амаль за мяжой новыя аўты танней каштуюць. Таму гэтыя аўты і не такія добрыя, – цвердзіць бізнесоўца, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот. – У нас у краіне квітнее сістэма прыгнаных аўтамабіляў. Людзі за грошы едуць у суседнюю краіну, набываюць аўта і прыганяюць яго вам».

Пры гэтым, як адзначаюць у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, айчынны аўтарынак паступова выходзіць са спячкі. У мінулым месяцы рост продажу новых аўтаў вырас на 11 % у параўнанні з сакавіком, перадусім за кошт продажаў «Джылі». Гэтак, за чатыры месяцы афіцыйны дылер прадаў у нашай краіне больш за 3200 аўтаў, «Ладаў» –371 аўтамабіль, «Аўдзі» – больш за 250.

«Ніякія пытанні не вырашаюцца ў бюджэтным плане. А начальнікі патрабуюць аўтамабіляў з падначаленых, прадпрыемстваў, дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці, каб вырашаць нейкія асабістыя пытанні», – гэтак казаў Аляксандр Лукашэнка ў сакавіку, калі заклікаў чыноўнікаў ашчаджаць бюджэтныя сродкі.

Аднак у выніку ўсё выглядае крыху інакш: перад закрыццём першага паўгоддзя айчынныя выканкамы сталі масава купляць новыя аўтамабілі. Напрыклад, Гарадзенскі аблвыканкам у пачатку траўня размясціў заяўку на набыццё машыны за 80 тысяч рублёў, а «Магілёўаблаўтатранс» купіў у лютым адразу 34 легкавікі на паўтара мільёна.

«У чыноўнікаў логіка была заўсёды такая – неабходна выканаць бюджэт. Бо раз мы яго зацвердзілі, ён спланаваны, ён мусіць быць выкананы. Калі штосьці не так, лепш трохі залезці ў доўг, чым ашчадзіць бюджэтныя грошы, бо яны прападаюць тады. Гэта горшае, што можа быць, гэта не гаспадарліва», – кажа былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

Дарэчы, скарыстаць такі транспарт могуць далёка не ўсе, кажа былы галоўны спецыяліст аддзелу культуры Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан:

«Калі мы ездзілі ў камандзіроўкі, дык дабіцца таго, каб паехаць на гэтых аўтамабілях аблвыканкаму, было дастаткова цяжка. Быў так званы ліміт, ён быў на кожнае ўпраўленне. І часцей за ўсё карыстаўся або начальнік упраўлення, або намеснік начальніка ўпраўлення».

Адметна, што ў канцы мінулага года Лукашэнка запэўніваў, што «Джылі» – гэта той аўтамабіль, што патрэбны перадусім простым беларусам. А вось чыноўнікаў і начальнікаў дыктатар паабяцаў перасадзіць на расейскі «Аўрус», які «будзе не горшы за “Мэрсэдэс”».

Віталь Бабін, «Белсат»