«Белая Русь» і «Россотрудничество» выкрадаюць украінскіх дзяцей


Падначаленыя Лукашэнкі з ягонай ручной партыі замазваюць яго ж у ваенных злачынствах Крамля. Партыя «Белая Русь», не паспеўшы зарэгістравацца, бярэ ініцыятыву ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыяў. Вываз украінскіх дзяцей у Беларусь адбываецца без дазволу Украіны. У Кіеве рыхтуюць закон, які замацоўвае статус Лукашэнкі, як ваеннага злачынцы, але без аддзялення ад Беларусі і беларускага народу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Партыя прыхільнікаў Лукашэнкі «Белая Русь» арганізуе незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь пад выглядам вывазу на аздараўленне. Пра гэта з уласнай ініцыятывы заявіў старшыня арганізацыі на прэс-канферэнцыі, сумеснай з афіцыйным прадстаўніком «Россотрудничества». Алег Раманаў бачыць у гэтых дзеяннях чалавечы складнік і палітычны аспект.

«У склад Расейскай Федэрацыі ўвайшло некалькі новых рэгіёнаў, і сітуацыя там, прама скажам, яшчэ далёкая не толькі ад спакою, але і ад нармальнага жыцця. Прынамсі, у нейкіх частках гэтых рэгіёнаў. То прыём дзяцей з Данецку, Луганску цалкам можа быць тым, што мы будзем рэалізоўваць», – заявіў старшыня партыі «Белая Русь».

Гэта працяг таго, што ўжо робіцца. Напрыклад, напрыканцы красавіка стала вядома, што больш за сотню дзяцей перавезлі ў Беларусь з акупаваных тэрыторыяў Запарожскай вобласці – нібыта на аздараўленне. А летась у Менскую вобласць вывезлі больш за тысячу ўкраінскіх дзяцей з Данбасу – без згоды Украіны.

«Рэжым і ягоныя расейскія партнёры робяць выклік заходняй супольнасці. Вы выдалі ордар на Пуціна і Бялову? А мы ідзем далей. І што вы будзеце зараз рабіць?» – тлумачыць Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Менавіта за дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторыяй Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ў сакавіку выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. А тут, у Беларусі, кіраўнік «партыі лукашыстаў» сам лезе ў пекла ўперад бацькі.

«І гэта кірунак, па якім мы ўжо рэалізуем ініцыятывы з удзелам беларускіх партнёраў, у тым ліку прафсаюзаў, і ёсць перспектыва сумесна папрацаваць у гэтым кірунку», – асцярожна працягваў думку кіраўнік прадстаўніцтва федэральнага агенцтва «Россотрудничество» ў Беларусі Юрый Макушын.

«Я гатовы падтрымаць гэтую ініцыятыву і як кіраўнік грамадскага аб’яднання, і як старшыня партыі», – перахапіў ініцыятыву старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў.

Афіцыйна «Россотрудничество» – гэта федэральнае агенцтва, якое займаецца гуманітарнымі праектамі для ўзмацнення ўплыву Расеі ў свеце. На справе – яна пад санкцыямі Украіны і Еўразвязу за падтрымку вайны, а ў Канадзе і Швейцарыі лічыцца «арганізацыяй дэзынфармацыі». «Россотрудничество» фігуравала і ў расследаваннях «Белсату» як арганізацыя, якая курыруе шматлікія суполкі «рускага міру» ў Беларусі.

«Усе гэтыя казачыя арганізацыі кіруюцца “Россотрудничеством”, гэта такі інкубатар расейскіх арганізацыяў у Беларусі. У сваю чаргу “Россотрудничество” знаходзіцца пад парасонам амбасады РФ у РБ», – яшчэ ў 2017-м годзе распавядаў Дзяніс Івашын з беларускай службы супольнасці «INFORMNAPALM».

За арганізацыю вывазу ўкраінскіх дзяцей разам з «Россотрудничеством» і іншымі расейскімі дзяржаўнымі органамі рэжым Лукашэнкі трапіць у новыя непрыемнасці. Вярхоўная Рада Украіны проста цяпер разглядае Пастанову аб звароце да міжнародных арганізацыяў аб асуджэнні ваенных злачынстваў, здзейсненых Расеяй. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі згадваецца ў Пастанове адмысловай папраўкай.

«Рашэнне Вярхоўнай Рады Украіны зʼяўляецца адным з ключавых элементаў у палітычным прызнанні ролі дыктатара Лукашэнкі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў адносна ўкраінскіх дзяцей. Важна адзначыць, што раней адпаведнае рашэнне адзінагалосна прыняла Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, якая паставіла пытанне аб адказнасці Лукашэнкі за ваенныя злачынствы», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Цяпер каманда юрыстаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення рыхтуе адмысловую справаздачу ў Раду Еўропы аб незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Мэта – міжнародны ордар на арышт Лукашэнкі.

Але нават калі толькі Вярхоўная Рада Украіны на заканадаўчым узроўні прызнае Лукашэнку ваенным злачынцам, яму будзе значна цяжэй шукаць сабе лабістаў зняцця санкцыяў.

«Для той жа Вугоршчыны будзе нашмат цяжэй распавядаць, што Беларусь не пры чым, што давайце проста рабіць гуманітарна-эканамічную супрацу, пры чым тут Беларусь, яна нейтральная… Уся гэтая беларуска-расейская прапаганда», – нагадвае Рыгор Ніжнікаў.

Напярэдадні ў Бруселі амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр заявіў, што накіраванне ўкраінскіх дзяцей у санаторыі і лагеры ў Беларусі – гэта толькі адзін са спосабаў выкрадаць іх з украінскіх семʼяў,. І рэжым Лукашэнкі – саўдзельнік гэтага злачынства.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»