Белстат узаконіў абмежаванне інфармацыі


Цяпер інфармацыя пра стан рэчаў у краіне і пра дзейнасць дзяржаўных структураў стане яшчэ болей закрытаю. На думку чыноўнікаў, апублічванне такой інфармацыі можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку. Адпаведная пастанова з’явілася на Нацыянальным прававым партале. Чаму ад беларусаў хаваюць статыстыку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спачатку схавалі звесткі пра смяротнасць і нараджальнасць, пасля – колькасць пенсіянераў, а цяпер Белстат атрымаў права хаваць наагул любую інфармацыю. Гэта вынікае з новай інструкцыі пра распаўсюд статыстычных звестак.

«Той факт, калі робяць закрытымі даныя, якія раней былі адкрытымі, сведчыць пра тое, што гэтыя даныя дрэнныя. Ніхто не хавае статыстыкі, якая адлюстроўвае перам0огі і добрыя паказнікі. Хаваюць паразы. То бок, калі дзяржава нейкую статыстыку засакрэчвае, адразу можна ведаць, што там усё вельмі дрэнна», – кажа каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Гэта пацвярджае наступная сітуацыя: тэлеграм-канал «Гомельщина официально» абнародаваў інфармацыю пра нараджальнасць, якую старанна хавае Белстат. Інтэрнэт-партал «Флагшток» прааналізаваў звесткі, у выніку аказалася, што нараджальнасць на Гомельшчыне за апошнія 40 гадоў скарацілася амаль у 3 разы.

Цікава, што ў якасці падставы для абмежавання распаўсюду інфармацыі Белстат называе магчымую шкоду нацыянальнай бяспецы ды грамадскаму парадку.

«Бывае такая інфармацыя, якая сапраўды можа быць небяспечнаю, напрыклад, нейкія звесткі пра вайсковыя часткі. Але, вядома, такая інфармацыя і раней была засакрэчаная, тут нічога не змянілася. Але нацыянальная бяспека – гэта такая шырокая фармулёўка, якою можна растлумачыць хаванне чаго заўгодна. То бок, калі няма нейкага зразумелага, аргументаванага тлумачэння, то тады застаецца спасылацца на нацыянальную бяспеку», – лічыць каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Хаваць статыстыку Белстат пачаў падчас эпідэміі каронавіруса. Паступова з сайту структуры знікла і эканамічная інфармацыя: пра гандаль Беларусі з іншымі краінамі, а таксама пра стан замежнай пазыкі і паказнікі бюджэту.

«Не публікуецца знешні гандаль на тым сайце Белстату, закрытыя даныя, мы можам гэта адсочваць па статыстыцы краінаў-партнёраў, напрыклад. Ну і варта сачыць за выказваннямі тых самых чыноўнікаў, бо яны любяць часам выхваляцца і можна нейкія даныя нават здабыць, з гэтай крыніцы», – тлумачыць эканаміст Віталь Алейнік.

Такім чынам высветліўся падман беларускіх чыноўнікаў, калі яны заявілі, што замежнагандлёвы абарот паміж нашай краінай і Расеяй склаў 50 мільярдаў долараў, а расейскі бок заявіў пра 40 мільярдаў. Таму нават адкрытая інфармацыя ад дзяржаўных органаў патрабуе правярання, мяркуе эканаміст Віталь Алейнік:

«І дагэтуль лічбы Белстату шмат у чым нагадвалі лічбы з боку Цэнтрвыбаркаму. Узяць, напрыклад, тую ж інфляцыю. Кажуць, напрыклад, ад Белстату ці недзе ад чынавенства, што, напрыклад, вось нібыта тая інфляцыя каля 7 адсоткаў кружыць, людзі ідуць у банк і бяруць крэдыт на 16 %, а потым яшчэ ідуць у краму і бачаць гэтыя цэны на свае вочы».

І тым не менш права на доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў гарантуе беларусам 34-ты артыкул Канстытуцыі. У звязку з сістэматычным парушэннем гэтага права Беларускі расследавальніцкі цэнтр і праваабаронцы з «Respect-Protect-Fulfill» падалі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Аліна Скрабунова, «Белсат»