На змену снегападам прыйшоў ледзяны дождж


Дарогі і ходнікі ператварыліся ў коўзанку, а абледзянелыя галіны падаюць на машыны. Як змагаюцца з наступствамі непагадзі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Праз неспрыяльнае надворʼе на Берасцейшчыне без электрычнасці заставаліся амаль дзвесце паселішчаў. Прычына – мокры снег. Пад яго цяжарам абломваюцца галіны і дрэвы падаюць на дарогі, аўты, электралініі. Сярод найбольш пацярпелых раёнаў: Берасцейскі, Іванаўскі, Камянецкі, Пінскі, Драгічынскі.

Як паведамілі ў Драгічынскіх раённых электрасетках, яны ў кругласутачным рэжыме ліквідуюць наступствы непагадзі.

Прыбіраць жа снег і лёд толькі ў Берасці вывелі больш за 50 спецмашынаў. А ў Горадні гурбы расчышчалі ўсю ноч.

Сіноптыкі прагназуюць снег і галалёдзіцу бліжэйшыя дні. Кіроўцам у такіх метэаўмовах варта быць вельмі пільнымі. На слізкай дарозе аўта можа лёгка трапіць у занос.

Аўтаэксперт Сяргей Прудштэйн раіць трымаць максімальную адлегласць да папярэдняга аўта, каб пры раптоўным здарэнні была магчымасць спыніцца загадзя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Надвор’е ў Менску.
Фота: БелТА / belta.by

А на Раство ў Беларусь прыйдзе арктычны холад. Чакаецца да мінус 23-ох градусаў. Медыкі нагадваюць: у моцныя маразы варта апранаць паболей слаёў адзення, трымаць галаву і ногі ў цяпле ды больш рухацца.

Калі ўсё ж адбылося абмаражэнне, скура моцна пабялела ці наадварот пацямнела, траўматолаг Аляксей Носаў раіць звярнуцца да лекараў:

«Скуру не расціраць ды не займацца самалячэннем!»

А малым дзецям і асобам сталага веку медыкі раяць у моцныя маразы на вуліцу без патрэбы не выходзіць.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»