«Першакласныя» і не: рэжым падзяліў прыслужнікаў на рангі


Міністраў, чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў падзялілі на рангі: першы, другі ды трэці – як на спартовым п’едэстале. Рэшта прыслужнікаў Лукашэнкі не маюць рангаў, але маюць права ўдзельнічаць у спаборніцтве за кадравы рост. У той жа час так званых «здраднікаў рэжыму» пазбаўляюць узнагародаў і стыпендыяў, атрыманых да выбараў 2020-га году. 

Клас – ва ўсіх вышэйшы, каб нікога не пакрыўдзіць. Але вось рангі – хто які заслужыў. Да прыкладу, на гэтай нарадзе сярод занесеных у спіс «першарангавых» – старшыня камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў і Наталля Качанава, якая ўзначальвае Савет Рэспублікі. А побач з ёю – Мікалай Снапкоў, які ў другім рангу, як і іншыя намеснікі «першых» чыноўнікаў.

Згодна з Указам №445 «Аб наданні класаў» і Пастановаю №960 усталявалі парадак класіфікацыі ўсіх дзяржслужбоўцаў.

«У якасці падарунка за добрую працу, у якасці «морквачкі» такая градацыя. Маўляў, служы добра і ты пяройдзеш на наступны ранг і будзеш спакойны, што там цябе чакаюць тыя ці іншыя даброты», – тлумачыць матывацыйную праграму палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У так званым вышэйшым класе першы ранг таксама ў прэмʼера, кіраўніка адміністрацыі, старшыні праўлення Нацбанку. Пытанне – чаму старшыня выбарчай камісіі – на другой прыступцы?

«Выбарчая камісія зʼяўляецца важнай толькі ў момант таго, што называецца «выбары». У астатні час выбарчая камісія нічым не займаецца і адпаведна яна не можа прэтындваць на тое, каб быць па ўзроўню «настолькі ж важнай» як, напрыклад, кабінет міністраў», – кажа Цыганкоў. Ён падкрэсліў, што галоўны кадравы і рангавы крытэрый у лукашэнкаўскай Беларусі – лаяльнасць да кіраўніка вертыкалі. Кіруюцца ім для прасоўвання па карʼернай лесвіцы таксама вайскоўцы, сілавікі і нават спартоўцы.

Апублікаваны Указ №455 аб стымуляванні высокіх спартовых дасягненняў, у якім між іншага, папярэджанне: у якім выпадку спартоўцы, трэнеры і іншыя спецыялісты галіны могуць быць пазбаўленыя прызоў, узнагародаў і стыпендыяў. З Указу №455:  «…непаважлівага стаўлення спартоўцаў, трэнераў або іншых спецыялістаў да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу або здзяйснення імі супрацьпраўных дзеянняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці».

Анатоль Котаў з Беларускага фонду спартовай салідарнасці кажа:

«Гэта канешне дадатковы інструмент ціску перадусім на тых, хто сапраўды падтрымаў неабходнасць зменаў у Беларусі, і хто асуджае зараз вайну супраць Украіны. Нават калі ты нічога не падпісваў і сядзеў моўчкі – не значыць, што супраць цябе гэты інструмент не выкарыстаецца, бо ён вельмі шырокі… Ён мае мэту на ўвесь час, які застаўся беларускаму рэжыму, перадухіліць выступленні іншых».

А лаяльным указ дазваляе атрымліваць медалі за ўяўныя перамогі ў спаборніцтвах, на якія яны не трапілі праз санкцыі. То бок маеш такі самы паказнік, як у прызёра Чэмпіянату Еўропы – трымай медаль!

Каб змагацца за ўдзел у Алімпіядзе і іншых турнірах, трэба зразумець наступнае, кажа беларускі спартовец кажа Сцяпан Папоў:

«У 2020 годзе дзяржаўны лад азначаў быць прызільнікам фальсіфікацыі, гвалту, рэпрэсій і іншых наступстваў дыктатуры, але ўжо ў 2022 годзе падтрымка дзяржаўных інстытутаў – гэта падтрымка расейскай агрэсіі і акупацыі».

Сцяпан Папоў – былы стыпендыят, чэмпіён свету і Еўропы, а таксама першых Еўрапейскіх гульняў па самба. Ад імя Беларускага фонду спартовай салідарнасці ён заклікае «нявызначаных» публічна выказаць антывайсковую пазіцыю, эміграваць і такім чынам вярнуцца да сумленнага аблічча і сапраўднага спорту.

Юлія Цяльпук, «Белсат»