Праекту «NEXTA» споўнілася 8 гадоў


«Выбора нет» – кавэр на кампазіцыю гурта Сплін «Выхода нет» у выкананні Сцяпана Пуцілы і паплечнікаў. Гэта першае відэа, што з’явілася роўна восем гадоў таму на YouTube-канале «NEXTA». Той кліп маладыя блогеры запісалі з пасылам байкатаваць прэзідэнцкія выбары ў 2015-м. Цяпер «NEXTA» штодня асвятляе грамадска-палітычнае жыццё Беларусі і замежжа. Праект прадстаўлены ў YouTube- і тэлеграм-каналах, а таксама ў «Twitter».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За апошнія два гады мы ўжо функцыянуем і дзейнічаем, як іншыя медыі. У нас есць навіны, у нас есць стужка ў “Telegram”, зараз мы будзем запускаць свой сайт. То бок нас зараз ужо амаль нічога і не адрознівае ад класічных медыя», – кажа заснавальнік кампаніі «NEXTA» Сцяпан Пуціла.

Значны рост папулярнасці тэлеграм-каналу «NEXTA» здарыўся ў 2019 годзе пасля таго, як Сцяпан Пуціла першым апублікаваў навіну пра інспектара ДАІ, якога знайшлі застрэленым пад Магілёвам. Блогер размясціў эксклюзіўную інфармацыю ад крыніцаў у праваахоўных органах, а таксама запіс унутраных перамоваў міліцыянтаў праз рацыю і фота загінулага інспектара.

«Потым мы памятаем, як Сцяпан зрабіў некалькі такіх дакументальных, можа быць публіцыстычных праектаў, у якіх ён для новых пакаленняў расказаў тое, што нам, старычкам, было ўжо даўно вядома. З аднаго боку. А з другога боку – гэта было расказана новай мовай, новым людзям. І гэта загучала па-новаму», – распавядае медыяэксперт, аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі.

Гаворка пра дакументальнае кіно «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Яно выйшла на YouTube-канале «NEXTA» 25 кастрычніка 2019 года і праз содні займала першае месца ў трэндах беларускага YouTube. Відэа за першыя дні набрала 700 000 праглядаў, а за месяц – каля двух мільёнаў. Улады прызналі фільм экстрэмісцкім. А ўжо 8 лістапада ў Менску прайшла анансаваная каналам «NEXTA» сустрэча падпісальнікаў, каб абмеркаваць нашумелы фільм. Акцыя стала першай, што зарганізаваў Сцяпан Пуціла ў Беларусі. Сапраўдная ж слава чакала праект у 2020 годзе.

Сцяпан Пуціла – беларускі журналіст, аўтар і заснавальнік тэлеграм-каналу NEXTA. 20 кастрычніка 2020 года рашэннем суда Цэнтральнага раёну Менску канал NEXTA-Live і лагатып NEXTA прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Фота: ДД / Белсат

«Нам тады атрымалася зрабіць тое, што яшчэ нікому не атрымлівалася зрабіць: ахапіць найбольш шырокія масы беларусаў. якія нават ніколі не цікавіліся палітыкай. Асвятляць падзеі, даносіць праўду яшчэ з часоў каранавірусу і, я мяркую, што мы добра папрацавалі», – успамінае былы рэдактар «NEXTA» Ян Рудзік.

Паліна Шандрак – журналістка міжнароднай праграмы на «Белсаце» «Вот Так». У 2020 годзе яна, як і дзясяткі тысяч іншых беларусаў, брала ўдзел у акцыях пратэсту. Свае дзеянні перад маршамі, на маршах і пасля іх Паліна планавала, дзякуючы тэлеграм-каналу «NEXTA»:

«У тэлеграм-канале «NEXTA» можна было знайсці заўсёды месца і час збору, дзе праводзіцца марш. Заўсёды там аператыўна публікавалі відэа і навіны, дзе затрымліваюць людзей. Гэта было вельмі важна і трэба, таму што ты шпацыраваў па вуліцах Менску і мог не меркаваць, што недзе за вуглом ужо пачалі затрымліваць людзей».

У перыяд з 9 да 16 жніўня 2020 года тэлеграм-канал «Nexta Live» стаў адным з самых папулярных у свеце, павялічыўшы сваю аўдыторыю з чатырох дваццаці сямі тысяч падпісальнікаў да больш чым двух мільёнаў. Менавіта праект «NEXTA» першым у Беларусі прызналі экстрэмісцкім і тэрарыстычным. А для затрымання яго рэдактара Рамана Пратасевіча Лукашэнка загадаў пасадзіць самалёт авіякампаніі «Ryanair».

«У той час, калі традыцыйныя медыя былі звязаныя правіламі гульні і не былі ўдзельнікамі палітычнага працэсу, то для новых медыйных актараў, такіх як “NEXTA”, гэта не было абмежаваннем. Яны ўключыліся ў працэс. Гэта дало зваротную сувязь, бо прыхільнікі, якія хацелі пераменаў, яны паведамлялі такім каналам шмат інфармацыі», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Цяпер каманда «NEXTA» рыхтуе новы праект. Сцяпан Пуціла паведаміў «Белсату», што неўзабаве яны запусцяць англамоўны сайт, скіраваны на заходнюю аўдыторыю. Далёкім замежнікам абяцаюць распавесці ўсю праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»