Ці ёсць у Беларусі перспектывы імпартазамяшчэння?


Каля 40% тавараў на паліцах беларускіх крамаў – замежнай вытворчасці. Такую лічбу прыводзіць даследчы цэнтр «Кошт ураду». Ці ёсць у Беларусі перспектывы імпартазамяшчэння, пра якое так часта кажа Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Айчынных тавараў прадаецца ўсё менш. За апошнія 10 гадоў іх доля зменшылася амаль на 10 %. Найбольш гэта адбілася на продажы нехарчовай прадукцыі.

«Асноўная прычына – гэта палітыка імпартазамяшчэння, – кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін. – Калі ты абараняеш свой рынак і знішчаеш канкурэнцыю, то з цягам часу падае якасць тваіх тавараў. І іх перастаюць набываць. То бок імпартазамяшчэнне – гэта вельмі дурная палітыка».

Эканаміст Аляксей Харкевіч дадае:

«Беларусь усё яшчэ па многіх пазіцыях застаецца ў прамежкавай зоне: можна арганізоўваць дастаўку тавараў, вытворчасць. Ідзецца пра тое, каб абараніць імпартазамяшчэнне Расеі і яе ваенна-прамысловага комплексу праз беларускія прадпрыемствы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кошты на імпартныя тавары.
Фота: чытачы «Белсату»

Паводле праекту «Кошт ураду», айчынных тавараў у крамах – крыху больш за 60 %. Санкцыі 2020 і 2021 гадоў не моцна паўплывалі на беларускіх вытворцаў. А летась прысутнасць нашых тавараў пачала расці. Аднак сёлета «небеларускае» зноў выціскае мясцовае. Трэба звярнуць увагу на пэўны трэнд, мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

«Колькі ў нас занятых людзей у эканоміцы? Іх колькасць пастаянна зніжаецца нават адносна колькасці насельніцтва. Патрэбнасці нашыя не скарачаюцца, разнастайнасць тавараў і развіццё тэхналогіі толькі расце, а людзей, якія будуць усё гэта вырабляць, у нас няма».

Як вынікае з нашага апытання ў сацыяльных сетках, падчас выбару тавару большасць спажыўцоў аддае перавагу імпартнай прадукцыі. Менш апытаных – кіруюцца цэнамі. Яшчэ менш – абіраюць беларускае.

Паводле Уладзіміра Кавалкіна, «Беларусі трэба не імпартазамяшчэнне а спецыялізацыя ў тым, што дае грошы. Напрыклад, ІТ-сектар беларускі быў такой спецыялізацыяй, ён даваў грошы. А калі не займацца развіццём сваіх моцных галінаў, а спрабаваць вырабляць у сябе ўсе, – зніжаецца патэнцыял краіны».

Перспектывы ж ва ўмовах санкцыяў не выклікаюць аптымізму ў айчынных вытворцаў. Нашыя эксперты зазначаюць: адсутнасць доступу да сучасных тэхналогіяў ды інвестыцыяў робяць неабходную мадэрнізацыю немагчымай.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»