Рэпрэсіі працягваюцца: беларусаў судзяць за падпіскі і данаты


У Магілёве КДБ затрымаў музыку Паўла Лапікава. Мужчыну абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці: беларус данаціў арганізацыям «Бай-сол», «Бай-гэлп» і «Бай-пол». Дзе цяпер трымаюць музыку, невядома.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад трох да шасці месяцаў арышту. Такі прысуд вынеслі ў Добрушы расейцам, што незаконна праніклі ў Беларусь з агнястрэльнай зброяй. Жыхароў Бранскай вобласці затрымалі ў зоне радыеактыўнага забруджвання на расейска-беларускай мяжы каля вёскі Чырвонае Знамя. Мужчыны не мелі дакументаў на стрэльбы і дазволаў на паляванне. За гэта ім пагражала ад трох да дзесяці гадоў зняволення.

«У суда ёсць артыкул 70-ы Крымінальнага кодэксу, які пры выключных змякчальных абставінах дазваляе прызначаць пакаранне, меншае за прадугледжанае крымінальным законам. Таму ў гэтым выпадку артыкул 70-ы, хутчэй за ўсё, і быў скарыстаны, інакш ніяк», – кажа юрыст, праваабаронца «Human rights impact» Раман Кісляк.

Артыкул семдзесят Крымінальнага кодэксу, паводле эксперта, цяпер прымяняецца даволі рэдка: Вярхоўны суд абмежаваў гэтую магчымасць. У выпадку з расейцамі мяккі прысуд так званыя ахоўнікі закону абгрунтавалі «сямейным станам», «пакаяннем» ды ўласна «асобамі абвінавачаных».

«Тут палітычны падтэкст, безумоўна. Калі б гэта былі грамадзяне Літвы, Польшчы ці Украіны, якія б так парушылі, то яны б ад пяці гадоў і атрымалі. Тут палітычны момант такі, які і адыграў ролю», – мяркуе юрыст, праваабаронца «Human rights impact» Раман Кісляк.

А вось у дачыненні беларусаў такія «паслабленні» не працуюць. Гэтак, не менш чым сямёра сілавікоў прыйшлі затрымліваць Уладзіміра Паўлаўца за падпіску на «Зеркало», абвешчанае рэжымам экстрэмісцкім рэсурсам. На «пакаянным» відэа, апублікаваным прапагандыстам Азаронкам, хлопец кажа, што нібыта далучыўся да чат-боту плану «Перамога». З гэтае ж прычыны сёння раніцай затрымалі жыхара Менску Андрэя Круглёва – ён перадаў свае асабістыя звесткі ў фэйкавы бот і ўвайшоў у камунікацыю з сілавікамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Милиция Минска / Telegram

«Часцей за ўсё тут сілавікі Лукашэнкі гуляюць на няўважлівасці людзей, калі чалавек прывык хутка пераходзіць праз спасылкі, клікаць штосьці – і толькі пасля разумець, куды ён трапіў увогуле. Цяпер усім беларусам трэба займець звычку: не клікаць усе дзіўныя спасылкі, не капіяваць сабе на тэлефон розныя файлы, якія вам могуць даслаць, не ўступаць у камунікацыю з незразумелымі кантактамі», – кажа прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў.

Суд Дубровенскага раёну аштрафаваў на трыста семдзесят беларускіх рублёў мясцовую жыхарку, нягледзячы на тое, што жанчына выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей. Прычынай таму стала падпіска на так званыя экстрэмісцкія рэсурсы. Апошнім часам сілавікі актыўна займаюцца адсочваннем сацыяльных сетак беларусаў, публічна караючы тых, хто чытае незалежныя СМІ.

«Паступаюць звесткі пра тое, што, напрыклад, у метро ці электрычцы могуць хадзіць дзіўнага выгляду людзі, без уніформы, і проста зазіраць у смартфон чалавека: што ён чытае, у тым ліку – на што ён падпісаны. Відавочна, гэта – парушэнне асабістага прыватнага жыцця, парушэнне базавых правоў чалавека. Але гэта, на жаль, натуральны стан для дыктатуры, частка якой – сілавы блок – корміцца за кошт гэтых рэпрэсіяў», – кажа прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў.

МУС працягвае нарошчваць колькасць так званых экстрэмістаў, дадаўшы ў адпаведны спіс яшчэ 25 прозвішчаў. Цяпер у ім больш за 3 тысячы асобаў.

Наста Печанькова, «Белсат»