Літва можа прыраўняць беларусаў да расейцаў праз пагрозу ад ПВК Вагнэра


У вайсковай частцы ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі дабудавалі палявы лагер, у якім нібыта маюць размясціцца найміты ПВК Вагнэра. Новыя фотаздымкі проста з месца апублікавалі на YouTube-канале «Популярная политика». Іх тут жа падхапілі тэлеграм-каналы, блізкія да вайсковага фармавання. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Упраўленне КДБ Магілёўскай вобласці адмаўляецца каментаваць гэтую інфармацыю:

«Вы зразумейце, што такой інфармацыі я не маю. Недзе ў Інтэрнэце нешта напісалі. Гэта правераная крыніца інфармацыі? Дзе вы канкрэтна ўбачылі гэтую публікацыю? У Інтэрнэце ўвядзіце: выступленне кіраўніка дзяржавы. Там усё дакладна ён расказвае, як было і чаму адбываецца так».

З самых прыблізных падлікаў радыё «Свабода», у лагеры маюць размясціцца да 15 000 вайскоўцаў. Але пакуль прысутнасці баевікоў на тэрыторыі вайсковага аб’екту не відаць. Гэта нам пацвердзілі і мясцовыя жыхары:

«Іх няма. Цяпер іх няма! Калі толькі пасля нашага адʼезду яны прыбылі, то гэта іншы момант. Але мы не бачылі, калі сапраўды. Таму што трэску было вельмі шмат з гэтай нагоды. Але рэальна мы праязджаем проста літаральна праз вайсковую частку – і пакуль што нам не даводзілася іх убачыць».

Зрэшты, ёсць меркаванне, што лагер паставілі зусім не для вагнэраўцаў, а для расейскіх вайскоўцаў, што прыедуць у Беларусь для аховы ядравай зброі. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале напісаў эксперт у грамадзянскай бяспецы Сяргей Бесараб. Аднак нашыя еўрапейскія суседзі рыхтуюцца да магчымых правакацыяў менавіта з боку наймітаў ПВК.

«Можна чакаць, што вагнэраўцы могуць зʼявіцца на мяжы як мігранты, як грамадзяне Беларусі. Вось чаму мы мусім надаваць значна больш увагі нашай бяспецы, нашай мяжы і бяспецы нашай мяжы з Беларуссю. Мы можам чакаць там шмат правакацыяў», – заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

З гэтае прычыны прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа зноў узняў пытанне неабходнасці ўвесці аднолькавыя абмежаванні для беларусаў і расейцаў. Маўляў, гэта дапаможа пазбегчы трапляння вагнэраўцаў з беларускім грамадзянствам на тэрыторыю Літвы. Сёлета ў красавіку Наўседа прапаноўваў накласці нацыянальныя санкцыі супраць грамадзянаў Расеі і Беларусі. Але ў Сейме да яго не прыслухаліся. Не выключана, што неўзабаве дакумент можа паступіць на разгляд.

«Я не бачу ніякай, увогуле ніякай розніцы паміж грамадзянамі Расеі і грамадзянамі Беларусі. Гэта значыць, асабіста калі казаць пра кожнага асобнага чалавека, вось гэта і трэба разглядаць. Наколькі ён звязаны з рэжымам, наколькі ён неяк задзейнічаны ў нейкіх там акцыях рэжыму», – мяркуе літоўскі палітычны аглядальнік, эксперт у пытаннях міжнародных адносінаў і бяспекі Марус Лаўрынавічус.

Захады ў бяспецы прымае і Польшча. Напярэдадні стала вядома пра скіраванне да межаў з Беларуссю аддзелаў элітнага спецназу, контртэрарыстычнай групы.

«Сітуацыя на мяжы з Беларуссю вельмі напружаная. Інфармацыя пра магчымасць зʼяўлення там вялікай колькасці так званых вайскоўцаў з групы Вагнэра – гэта вельмі верагодная інфармацыя. Пакуль да гэтага не дайшло, але мы мусім быць гатовыя», – заявіў міністр унутраных справаў і кіраўніцтва Польшчы Мар’юш Каміньскі.

Таксама для аховы польска-беларускага памежжа задзейнічаюць верталёт «Бэл» і спецтэхніку: абаронены аўтамабіль з вадамётамі «Tajfun» ды лёгкі бронетранспарцёр «Тур». Гэтыя машыны выкарыстоўваліся падчас абвастрэння міграцыйнага крызісу на пераходзе Брузі-Кузніца ў 2021 годзе.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»