Катаванне нявызначанасцю: чаму рэжым Лукашэнкі «хавае» палітвязняў?


Другі раз за год з’яўляюцца чуткі пра смерць палітзняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага. Родныя не атрымоўваюць звестак пра стан вязня ўжо каля чатырох месяцаў. Пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках напісала Святлана Ціханоўская: «Невядомы напісаў, што ў жодзінскай турме памёр мой муж Сяргей. Для гэтага сцвярджэння няма ніякіх доказаў. Такія чуткі ходзяць не ўпершыню, і я не ведаю, як гэта пракаментаваць. Я нічога не чула пра Сяргея з 9 сакавіка, і адвакатам адмовілі ў доступе да яго. І якой бы моцнай і нязломнай мне б ні хацелася быць, я ўсё роўна кожны дзень перажываю за Сяргея. Вельмі цяжка жыць, калі не ведаеш, жывы твой муж – ці не».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гісторыя не адзінкавая. Шэсцьдзесят восем дзён няма інфармацыі пра стан і месца, дзе трымаюць экс-банкіра і прэтэндэнта на прэзідэнцтва Віктара Бабарыку. Яго так і не прывезлі ў суд над сынам у якасці сведкі, наконт чаго хадайнічалі адвакаты Эдуарда Бабарыкі. У такую ж інфармацыйную ізаляцыю трапілі родныя многіх палітвязняў. Прынамсі, ад Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Ігара Лосіка няма звестак больш за чатыры месяцы. Паводле праваабаронцаў, гэткая сітуацыя характэрная для дыктатарскіх рэжымаў.

«Гэта катаванне нявызначанасцю. І ў гэтым плане, калі зʼяўляюцца чуткі (не выключаю, што наўмысна), што чалавек загінуў, памёр, гэта дадае нявызначанасці, узмацняе пакуты блізкіх», – адзначыў праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Тым больш, што выпадкі смерцяў у месцах зняволення ўжо былі. Адной з першых ахвяраў стаў Вітольд Ашурак. Ён пайшоў з жыцця пры нявысветленых абставінах у шклоўскай калоніі нумар сямнаццаць у траўні 2021 года. Сёлета ў віцебскай калоніі праз праблемы з сэрцам памёр пінчук Мікалай Клімовіч.

«На жаль, у калоніях, у СІЗА сядзіць вельмі шмат іншых людзей. Безумоўна, такія выпадкі бываюць. Але да нас прыходзіць толькі вяршыня айсберга. Мы, праваабаронцы, ведаем толькі частку», – дадаў Раман Кісляк.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Яшчэ адна з формаў ціску на вязняў ды іхныя семʼі – пазбаўленне магчымасцяў камунікацыі. Гэтак, сын зняволенага Уладзіміра Гароха, якому прысудзілі сем гадоў калоніі, распавёў нашаму тэлеканалу, як бацьку не даходзяць ягоныя лісты:

«Я яму высылаў ліст з Польшчы, але гэты ліст парвалі і толькі сказалі яму: сын ваш напісаў ліст, але мы яго знішчылі».

Аднак, каб лягчэй даць рады такой інфармацыйнай ізаляцыі, псіхолаг Ала Марціновіч раіць працягваць пісаць ды вучыцца пераключацца на сябе:

«Як правіла, псіхолагі раяць знайсці адну агульную вялікую справу, чым вы можаце сябе займаць штодня на гэты час. Гэта можа быць банальны рамонт, калі ў вас есць нейкія грошы. Гэта могуць быць курсы. Тым больш адукацыя вельмі добра дапамагае ў такой сітуацыі. Гэта можа быць хобі, нейкі творчы занятак».

На сёння колькасць палітычных вязняў у Беларусі сягнула за 1500 асобаў. Сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне – на парадку дня многіх міжнародных арганізацыяў. Гэтак, заўтра, пятага ліпеня, адбудзецца чарговае паседжанне Рады правоў чалавека ААН.

Асаблівую ўвагу нададуць пашырэнню і ўзмацненню мандату адпаведнага камітэту арганізацыі. Паводле Рамана Кісляка, адных гэтых захадаў недастаткова. Але яны – частка важнае працы дзеля спынення рэпрэсіяў у Беларусі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»