Беларусь уступае ў ШАС: каму гэта трэба і навошта


Беларусь стане чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацы. Пра гэта рэжым Лукашэнкі дамовіўся падчас сённяшняга анлайн-саміту. Гаворка пра далучэнне нашае краіны да ШАС ішла даўно. Але, бадай, не кожны беларус дакладна ведае, што гэта за арганізацыя і навошта спатрэбілася сяброўства ў ёй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь далучыцца да Шанхайскай арганізацыі супрацы, заявіў пасля анлайн-саміту міністр замежных справаў Сяргей Алейнік. Краіны-ўдзельніцы падпісалі адпаведныя дакументы.

ШАС заснавалі ў пачатку нулявых. Мэты вызначылі вельмі шырока: ад змагання з тэрарызмам – да эканамічнае і культурнае супрацы. Цяпер у арганізацыі дзевяць краінаў і яшчэ тры ў статусе назіральнікаў. Час ад часу кіраўнікі дзяржаваў-удзельніцаў з’язджаюцца на саміты.

«Гэта, хутчэй, нейкі клуб лідараў шэрагу дзяржаваў. Некаторыя з іх уплывовыя – Кітай, Індыя. Але паміж імі ёсць сурʼёзныя супярэчнасці», – кажа ўкраінскі палітолаг Пятро Алэшчук.

З прамовы прэзідэнта Казахстану падчас сённяшняга саміту вынікае, што і эканамічна супрацоўнічаць не надта атрымліваецца.

«Варта прызнаць, што за болей як 20 гадоў не ўдалося рэалізаваць ніводнага буйнога эканамічнага праекту менавіта пад эгідай ШАС», – заявіў Такаеў.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка на саміце ШАС. Самарканд, Узбекістан. 15 верасня 2022 года.
Фота: Пул первого / Telegram

Затое Пуцін рассыпаўся ў кампліментах арганізацыі.

«Не можа не выклікаць задавальнення, што аўтарытэт і ўплыў нашага абʼяднання працягвае мацнець, расце цікавасць да яго дзейнасці з боку іншых дзяржаваў і міжнародных структураў», – сказаў прэзідэнт Расеі.

«Адзіны сэнс ШАС для Расеі цяпер – выключна прапагандысцкі. Маўляў, глядзіце: няма ніякай ізаляцыі Расеі. Няхай Захад у бяссільнай злосці раздзімае ноздры, але глядзіце: ёсць Індыя, Кітай», – мяркуе Пятро Алэшчук.

А чаго чакае Лукашэнка ад удзелу ў ШАС? Ён гаварыў пра неабходнасць супрацы ў эканоміцы, тэхналогіях, фінансах. І нагадаў, што Беларусь гатовая пастаўляць угнаенні, харчы і агратэхніку.

«Рэжым Лукашэнкі можа адчуць сябе, што быццам бы ён “у доміку”. Што яго прыкрыюць новыя сябры з гэтага клубу Шанхайскай арганізацыі супрацы. Ён спадзяецца на што заўгодна. Ён, можа, спадзяецца, што пінгвіны з Антарктыкі прылятуць і развядуць сваімі крылцамі ўсе праблемы. Не, не развядуць», – разважае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Эканамічна Беларусь ад гэтага далучэння не выйграе нічога, мяркуе Яўген Красулін. Бо мала чым можа зацікавіць партнёраў. Хіба што транспартным калідорам на Захад, які ў любы момант можа замкнуцца праз сапсаваныя стасункі рэжыму Лукашэнкі з Еўразвязам.

Валянцін Васіленка, «Белсат»