Правяранне дзяжурных ВПС і войскаў СПА: тэатр для аднаго гледача?


Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў цэнтральны камандны пункт Вайскова-паветраных сілаў і Войскаў паветранай абароны.

Інспектар нібыта задаволены: усе цэлі выкрытыя і з імі справіліся, ні адна не прайшла міма. Маўляў, штосьці збілі, а штосьці змусілі да пасадкі.

«Лукашэнка вельмі занепакоены перспектываю таго, што ўкраінцы маглі б ударыць па цэлях на тэрыторыі Беларусі, і хацеў праверыць, ці беларускае войска здольнае абараніцца. І я думаю, што ён не давярае генералам», – мяркуе аўтар і вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса.

Але ці такою раптоўнаю была інспекцыя? Яе нечаканасць выклікае пытанні не толькі ў Лукашэнкі. Маніторынгавы праект вайсковай актыўнасці «Беларускі Гаюн» паведамляе: падобныя на ўчорашняе правяранні ладзіліся сёлета 8 лютага, 14 сакавіка, 11, 26 і 30 красавіка. А значыць, рэпетыцыі да прыезду галоўнага інспектара маглі пачацца яшчэ 3 месяцы таму.

«Мы, канечне, не можам ведаць, ці гэта былі адзін у адзін тыя трэніроўкі, ці можа ўсё ж такі вар’яваліся нейкія параметры. Але, ведаючы схільнасць войска да паказухі, можна меркаваць, што, напэўна, момант рэпетыцыі ў кожным разе быў», – дапускае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Наколькі ж войска Віктара Хрэніна сапраўды падрыхтаванае да імавернай пагрозы ў выглядзе тых жа ўкраінскіх дронаў ці ракетаў «Atacms»?

«Яны збівалі нейкія там сімуляваныя цэлі, гэта ім удалося. Канечне ўдалося, гэта ж паказуха. Гэта павінна ўдасца. Але калі дойдзе справа да рэальнага паветранага бою, то беларускія вайскоўцы хутчэй за ўсё могуць не збіць амерыканскія ракеты «Atacms». Альбо прынамсі збіць іх не ўсе», – зазначае Сяргей Пеляса.

А цяпер пра іншыя вучэнні. І тое, як прафесіяналізм беларускіх калегаў ацэньваюць расейскія вайскоўцы. Да кіраўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылы Буданава трапіў дакумент. А ў ім – справаздача Міністэрства абароны Расеі па выніках вучэнняў з падапечнымі таго ж Віктара Хрэніна:

«Расейскае 12-е галоўнае ўпраўленне, якое адказвае менавіта за гэтыя сродкі, напісала, што па выніках трэнаванняў з ядравымі імітатарамі для сістэмы «Іскандэр», якія ў невялікай колькасці ёсць у Беларусі, была прызнаная поўная негатовасць Беларусі да эксплуатацыі такога ўзбраення».

Лукашэнку ж застаецца толькі спадзявацца, што ўчорашняе правяранне сапраўды не было ашуканствам. Бо тут перадусім паўстае пытанне і ягонай уласнай бяспекі.

«Лукашэнка трывожыцца: ён бачыць, што гэтыя дроны ўкраінскія даляталі да Крамля, дык і да Драздоў можа такі дрон даляцець, калі ўлезеш у такую калатнечу. Так што ягоная трывога зразумелая, але ж ён, па-першае, сам звязаўся з Крамлём, падпаў у такую страшэнную залежнасць», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Па-другое, дадае аналітык, Лукашэнка сам разумее ўзровень паказухі ў войску, што дасталася беларускай арміі ў спадчыну ад Савецкага Саюзу.

Алесь Яшчанка, «Белсат»