Нежынскі горнаўзбагачальны камбінат: чуткі пра смерць перабольшылі?


Уваскрэс ці нават не паміраў? Нежынскі горнаўзбагачальны камбінат працягваюць будаваць і нібыта дабудуюць да чэрвеня 2025 года, рапартаваў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З улікам Нежынскага ГУК у краіне будуць выпускацца 16–17 мільёнаў тонаў калійных угнаенняў за год. Гэта дазволіць захаваць свае пазіцыі асноўнага экспарцёра найважнейшага складніку харчовай бяспекі свету».

Адметна, што будаваць Нежынскі ГУК у Любанскім раёне Менскай вобласці пачынаў набліжаны да Лукашэнкі расейскі бізнесовец, уладальнік фірмы «Слаўкалій» Міхаіл Гуцэрыеў. Ён уклаў свае 600 мільёнаў долараў, а мільярд і чатырыста мільёнаў на будоўлю пазычыў Кітай.

«Калі вы паглядзіце ў сутнасць гэтай дамовы, яна была ў тым, што Лукашэнка дае магчымасць здабываць гэты калій, дае гарантыі па кітайскім крэдыце, а кітайскі бок цалкам забірае ўсё, што будзе прадукавацца на Нежынскім ГУКу на працягу 20 ці 25 гадоў», – зазначае бізнесовец, аўтар праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Аднак калі Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі, з фінансаваннем праекту пачаліся праблемы. У 2021 годзе журналісты-расследавальнікі фіксавалі, што будоўля фактычна спынілася, пра гэта казалі і мясцовыя жыхары. А летась у лістападзе высветлілася, што пляцоўку перадалі ААТ «Нетры Нежын». Аказалася, што гэта пераемнік таго ж «Слаўкалію» Гуцэрыева.

«Гэта спроба выйсці з-пад санкцыяў, таму што фінансаванне з боку Кітаю было спыненае менавіта праз санкцыі, пад якія трапілі і Гуцэрыеў і “Беларусбанк”, які быў такім правадніком гэтых грошай», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Цяпер, паводле Снапкова, камбінат у Нежыне будзе на 100 % дзяржаўным. Маўляў, Лукашэнка зноў дамовіўся з Кітаем пра крэдыт падчас візіту ў Пекін у сакавіку.

На думку расейскага эканаміста Дзмітрыя Патапенкі, такога абʼёму, як 17 мільёнаў тонаў калійных угнаенняў у 2025 годзе, Беларусь не здабудзе. Але ёсць больш актуальныя праблемы, на якія ўплываюць санкцыі:

«Ключавое пытанне – гэта правядзенне плацяжоў. Бо цяпер гэта фундаментальная праблема. А ці ёсць беларускі калій канкурэнтам расейскаму? Вядома, ёсць. Але, як “шерочка с машерочкой”, тут нашыя два правадыры хутка дамовяцца аб размеркаванні квотаў».

Асноўныя пакупнікі беларускіх калійных угнаенняў – Кітай, Індыя і Бразілія, краіны, якія санкцыяў супраць беларускай калійнай галіны не ўводзілі, падкрэслівае навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль:

«Найбольшай складанасцю для рэжыму Лукашэнкі ёсць не столькі, у якія краіны прадаць калійныя ўгнаенні, колькі пытанне лагістыкі, якім чынам паставіць названыя ўгнаенні».

Летась Літва закрыла маршрут для беларускіх калійных угнаенняў. А гэта 11 мільёнаў тонаў. Неўзабаве стаў немагчымым транзіт праз Украіну. Засталіся расейскія парты. Пабудаваць тэрмінал у Прыморску пакуль немагчыма. Яго ўзводзяць у порце «Бронка», плануючы перавальваць у перспектыве да 12 млн тонаў угнаенняў за год. У Мурманску да канца года аддадуць у эксплуатацыю порт «Лаўна». У планах – беларускі тэрмінал, здольны перавальваць да сямі мільёнаў тонаў калію. Апроч гэтага:

«Я не выключаю, што ў тым ліку і парты Украіны, і Клайпеда. Зразумела, што гэта будзе працяглы перамоўны працэс, але яны пачнуць прымаць калій у сябе», – кажа Дзмітрый Патапенка.

Летась, калі праз расейскую агрэсію ва Украіне ўзнікла пагроза харчовага крызісу, афіцыйны Менск прапаноўваў правозіць украінскае збожжа праз Беларусь. А ў якасці падзякі рэжым хацеў атрымаць зняцце калійных санкцыяў. Аднак планы Лукашэнкі тады не ажыццявіліся.

Алесь Яшчанка, «Белсат»