Сілавікі адзначаюць Дзень беларускай міліцыі


Павелічэнне фінансавання і новыя падраздзяленні спецназу. Чацвёртага сакавіка лукашэнкаўскія сілавікі адзначаюць Дзень беларускай міліцыі. Чыноўнікі ў пагонах рапартуюць пра зніжэнне ўзроўню злачыннасці. Але ці сталі беларусы пачувацца ў большай бяспецы? І якую ролю адыгрывае МУС у сістэме кіравання краінай і ў рэпрэсіях?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мая міліцыя мяне беражэ». І нарошчвае для гэтага рэсурсы. Гэтак, актыўна пашыраюць сістэму відэаназірання – трыццаць пяць тысяч камераў, падлучаныя да сістэмы распазнання асобаў, якую актыўна выкарыстоўваюць для палітычных рэпрэсіяў, каб вылічваць удзельнікаў пратэстаў.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў рапартуе, што на сёння ягонае ведамства выдатна абсталяванае. Гэтак, паводле яго, сёння ёсць дастаткова сіл, сродкаў і ўзбраення для забеспячэння аховы грамадскага парадку на тэрыторыі Беларусі. Робіцца ўсё зыходзячы з найгоршай сітуацыі, улічваючы досвед 2020 года.

Пахваліўся міліцэйскі чыноўнік і скарачэннем летась на тры цэлыя шэсць дзясятых адсотка агульнага ліку зарэгістраваных злачынстваў. І, маўляў, гэта мінімальная колькасць за апошнія пяць гадоў. Ці сведчыць гэта, што міліцыя стала працаваць лепш? Паводле прадстаўніка «BEPOL» Уладзіміра Жыгара, трэба глядзець у дэталях.

«У тым жа самым Менску колькасць злачынстваў няхай мінімальная, але ўзрасла на тры дзясятыя працэнта. Напрыклад, па справах махлярства, узбуджана каля адзінаццаці з паловай тысяч крымінальных спраў, з якіх толькі васемнаццаць працэнтаў следства скончана».

У той жа час у структуры МУС з’яўляюцца новыя падраздзяленні. Толькі за апошні час былі арганізаваныя дзевяць новых атрадаў спецназу. Курыруе іх камандуючы Унутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. І менавіта, паводле яго, на байцоў спецпадраздзяленняў Унутраных войскаў МУС дзяржава ўскладае вялікія спадзевы ў барацьбе з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Гэткая накіраванасць, паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, сведчыць, якую ролю адыгрывае МУС у сістэме кіравання краінай, выбудаванай Лукашэнкам. Ён звяртае ўвагу, што ў любыя часы міліцыя стаіць на варце ў першую чаргу інтарэсаў не народу, якому яны прысягалі, а менавіта дзейнай уладзе, што паказалі апошнія падзеі, калі фактычна міліцыя ператварылася ў атрад катаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менская міліцыя. Менск, Беларусь. 15 сакавіка 2023 года.
Фота: Милиция Минска / Telegram

Рэжым Лукашэнкі не шкадуе сродкаў на міліцыю. Сёлета ў дзяржбюджэце на сілавы блок закладзена больш за чатыры мільярды шэсцьсот мільёнаў рублёў – і гэта амаль на пятнаццаць адсоткаў больш, чым летась. З гэтай сумы на органы ўнутраных справаў пойдзе мільярд семсот мільёнаў – на васямнаццаць адсоткаў болей.

Але ці гатовыя супрацоўнікі МУС абараняць Лукашэнку, калі іх фінансавая стабільнасць пахіснецца? Сваім меркаваннем падзяліўся журналіст, аналітык «Belarus Security Blog» Зміцер Міцкевіч.

«Туды ўжо даволі доўга ідзе негатыўны адбор. У народзе ж кажуць, калі ўжо ў міліцыю не ўзялі, то значыць зусім усё кепска ў чалавека. І, адпаведна, такія кадры, я не думаю, што здольныя захоўваць лаяльнасць камусьці. Асабліва, калі ўзнікне пытанне, што дадуць больш грошай, альбо калі іх жыццю і бяспецы будзе нешта пагражаць».

Што да пытання кадраў, то, паводле афіцыйных заяваў, нібыта ёсць вялікая колькасць ахвочых стаць міліцыянтамі. Маўляў, толькі летась з заявамі звярнуліся восем тысяч маладых людзей. Але Уладзімір Жыгар выказвае сумневы з гэтае нагоды.

«Нават калі выказаць здагадку, што восем тысяч захацела пайсці ў міліцыю, то ніякі цэнтр МУС у Горані, ні Акадэмія МУС не дасць рады такой колькасці. Гэта проста лічба, якая ўзятая Кубраковым з галавы і не магчыма ўявіць, што такая колькасць супрацоўнікаў можа прыбавіцца».

Кадравы рэзерв міліцыянты ўзяліся рыхтаваць з дзяцінства. Ствараюць патрыятычныя класы пры МУС, клубы. Дзяцей адпраўляюць на экскурсіі і дні адчыненых дзвярэй у РАУС.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»