Інвестыцыйны клімат у Беларусі пагоршыўся


Усяго 80 мільёнаў рублёў – і вы ўладальнік самай вялікай сонечнай электрастанцыі ў Беларусі. 14 сакавіка маюць адбыцца таргі калісьці перспектыўнага прадпрыемства, якое ператварылі ў груду дарагога і бескарыснага абсталявання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Спачатку прапанавалі, а потым забралі. Самая вялікая ў Беларусі сонечная электрастанцыя працавала толькі 4 месяцы, пасля чаго яе адлучылі ад нацыянальнай энергасістэмы. На 14 сакавіка прызначаны аўкцыён, каб прадаць станцыю. Зрэшты, нават калі і знойдзецца пакупнік – фактычна ён набудзе толькі абсталяванне, бо сонечная электрастанцыя не працуе. І такіх выпадкаў за апошнія гады можна прыгадаць не адзін дзясятак.

«Інвестарам у Беларусі працаваць небяспечна. Беларусь – гэта небяспечная юрысдыкцыя і такое рызыкоўнае і высока рызыкоўнае, нават, месца, каб укладаць грошы. Бо інвестыцыі патрабуюць перадусім празрыстых, прадказальных правілаў гульні», – зазначае публіцыст, спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

І з сонечнай электрастанцыяй спачатку ўсё было прадказальна. Яе плошча – 220 гектараў. Дзякуючы 218 тысячам пастаўленых сонечных панэляў магутнасць склала 109 МВт. Інвестар з Вялікай Брытаніі ўклаў у праект 170 мільёнаў долараў. Але праз пракуратуру суды павесілі на кампанію даўгі на 20 мільёнаў рублёў – і цяпер электрастанцыю прадаюць за 79,751 мільён.

Сонечная электрастанцыя
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сонечная электрастанцыя.
Фота: Eclipse.sx / Wikimedia

Доктар навук Яраслаў Кот, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, мяркуе, што гэта прыклад канкурэнцыі, як разумее яе рэжым:

«І ў іншых сферах бізнесу – такі ж малюнак, такая ж сістэма. Каб не выглядаць горш, яны таго, хто робіць лепей, будуць знішчаць. Таму, калі вы захочаце зрабіць нешта разумнае, яны будуць гэта знішчаць».

У Беларусі няпростая гісторыя з інвестарамі. У мінулым месяцы краіну пакінуў аўстрыйскі холдынг «Kronospan». Ён уклаў у нашую эканоміку каля 1 мільярда еўраў. Не паляпшае сітуацыі і леташні ўказ Лукашэнкі ў дачыненні інвестараў з так званых недружалюбных краінаў. Калі яны хочуць прадаць бізнес у Беларусі, мусяць заплаціць выкуп – 25 % ад яго кошту.

Даследчык, навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Зміцер Крук распавядае, якія інвестары ўсё ж прыходзяць у нашую краіну:

«Гэта тыя, хто спецыялізуецца на працы з такімі краінамі, як Беларусь. Якія маюць нейкія абяцанкі ад уладаў ці добра разумеюць, як у такой атмасферы можна працаваць і, адпаведна, яны заведама на сябе прымаюць высокую рызыку».

І вось цяпер Беларусь засталася без найбуйнейшай сонечнай электрастанцыі. Хоць аднаўляльная энергетыка – выгадная галіна для нашае краіны.

«Гэта перспектыўная справа, якой трэба было б займацца ў любым выпадку. І шкада, насамрэч, бо на гэтым кейсе мы бачым, што праект перспектыўны і добры, правільны. Але вось такім чынам ён суправаджаецца гэткім стаўленнем да інвестара. Гэткім ашуканствам з боку рэжыму», – зазначае Алесь Чайчыц.

Толькі за мінулы год з Беларусі пайшлі «Nokia», «Siemens», «Volvo», «British American Tobacco». У працэсе ліквідацыі – «Eriksson». І гэта толькі невялікая частка кампаніяў, што пакінулі ці збіраюцца пакінуць Беларусь, нават нягледзячы на страты.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»