Дзень барацьбы з ракам: як жывуць людзі з анкалогіяй


Тэлевядоўца Кацярына Пытлева, якая цяпер жыве ў Літве, выявіла ў сябе рак малочнай залозы пры самаабследаванні…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тым, хто хварэе на рак, я зычу сіл, не апускаць рукі ні ў якім разе, таму што гэта нічому не дапамагае і берагчы сябе, любіць сябе, шанаваць сябе. Мне здаецца, гэта тое галоўнае, чаму вучыць гэтая хвароба», – кажа Кацярына Пытлева.

Зрэшты, журналістка «Маланка Медиа» ведала, што хвароба можа праявіцца: у родных з боку маці былі некалькі выпадкаў анкалагічных захворванняў. Таму Кацярына хацела зрабіць генетычны аналіз яшчэ ў Беларусі:

«У Беларусі, калі б я рабіла гэтыя аналізы тады, калі збіралася, то, хутчэй за ўсё, паказала б адмоўны, таму што не сталі б рабіць разгорнуты аналіз адразу, са старту. А тут генетык, ведаючы гісторыю, сказала, што не, трэба рабіць разгорнуты аналіз – гэта была яе прапанова».

І ў Беларусі пачалі надаваць больш увагі генам. Каб пры наяўнасці мутацыяў, выдаліць малочныя залозы і такім чынам перадухіліць рак. Пра гэта ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» распавяла анколаг Надзея Пятроўская.

А вось, Міністэрства здароўя дагэтуль, як эфектыўны метад дыягностыкі, піярыць усеагульную дыспансерызацыю насельніцтва. Але ініцыятыва «Белыя Халаты» заўважыла, што ў спісе аналізаў, датычных раку, ёсць толькі тэст калу на скрытую кроў.

Анколаг Уладзіслаў Трафімчык тлумачыць, чаму гэтага недастаткова:

«Пухліна на ранняй стадыі можа не даваць нейкіх крывацёкаў і мы не атрымаем ніякага даследавання, чалавек задаволены пойдзе дадому, а потым мы ўжо выявім анкалагічнае захворванне на больш позніх стадыях».

На этапе лячэння таксама з’яўляюцца праблемы. Прынамсі, з лекамі. Учора ініцыятыва «Белыя халаты» заўважыла: у шмат якіх гарадах няма Анастразолу, які выкарыстоўваюць пры лячэнні малочнай залозы.

Затое абяцаюць стварыць генетычную вакцыну супраць раку «Еленаген». Паводле РНПЦ анкалогіі, гэта беларуска-амерыканскі праект, і ўжо ў трох пацыентак цалкам зніклі пухліны ў малочнай залозе і метастазы ў лёгкіх, пячонцы, лімфавузлах. Некаторыя беларускія медыкі ставяцца да цудадзейнай вакцыны скептычна. Яе дзейнасць ананімна пракаментаваў лекар аднаго з менскіх шпіталяў:

«Яна пакуль на стадыі распрацоўкі, яшчэ нічога нельга сказаць пра эфектыўнасць гэтай вакцыны. Але тое, што яна цягам доўгага часу тэставалася ў Расеі – выклікае пытанні. Спадзяванне, што яна будзе эфэктыўнай, дае толькі той факт, што навуковец распрацоўваў яе ў ЗША. Усе эксперыменты, праведзеныя ў ЗША, паказалі высокія вынікі пры анкалогіі толькі ў мышэй, але як яна паўплывае на чалавека – яшчэ трэба высветліць».

Штогод анкахворых у Беларусі робіцца больш прыблізна на тысячу. У барацьбе з ракам магчымыя не толькі своечасовая дыягностыка, самастойныя і планавыя абследаванні, але і прафілактыка. Якая – патлумачыў спецыяліст у ранняй дыягностыцы анкалагічных хваробаў Алег Дарашкевіч.

«Трэба добра ўмець даваць рады са стрэсам. Вось мой практычны досвед паказвае, што, як правіла, анкалагічныя захворванні ўзнікаюць на фоне працяглага хранічнага стрэсу. Самы просты спосаб барацьбы з празмерным стрэсам – гэта фізічныя практыкаванні», – адзначыў адмыслоўца.

Асабліва цяпер – гэта важна. Вайна і рэпрэсіі не даюць спакою беларусам. У тым ліку, рэпрэсіі закранаюць анкахворых. Гэтак, стала вядома, што хвораму на рак Анатолю Пугачу не змянілі меры ўтрымання. Яго затрымалі ў сярэдзіне снежня, быццам бы, за абразу Лукашэнкі.

Праваабаронца Васіль Завадскі распавёў, што паўнавартасна анкахворых за кратамі не лекуюць. Асаблівая праблема зʼявілася, калі не стала турэмнага шпіталю ў Менску:

«Няма магчымасці арганізаваць назіранне такое, якое патрэбнае для хворых такога роду, то бок, кантроль стану, пры неабходнасці – карэкціроўка лячэння, унясенне зменаў у лячэнне».

Адмысловец дадаў, што праблема – і ў нястачы медыкаў у турмах. Дактароў робіцца ўсё менш, нават – на волі. За кратамі ж, цяпер прынамсі два палітвязні з ракам.

Яна Шэк, «Белсат»