Новы дзень вайны ва Украіне


Вось такую аб’яву бачылі сёння на Барысаўскім аўтавакзале: «Усім грамадзянам мужчынскага полу ад 18 да 60 гадоў неабходна прыбыць у ваенны камісарыят або сельскі выканаўчы камітэт для ўдакладнення ўліковых дадзены».

Між тым галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны назваў сітуацыю на мяжы з Беларуссю цалкам кантраляванаю. Згодны з тым і вайсковы эксперт Алег Жданаў кажа:

«Мы дакладна ведаем, што да 6 батальённых груп нясуць службу па ўзмацненні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Так, яны знаходзяцца ў абароне ўздоўж мяжы. Яны мяняюцца з перыядычнасцю недзе ў 2-3 месяцы на ратацыйнай аснове. Іншыя вайсковая займаюцца баявой падрыхтоўкай».

Што ж да дыслакаваных на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайскоўцаў, іхныя дзеянні і перамяшчэнне па Беларусі таксама цалкам адсочваюцца беларускімі партызанамі ды ўкраінскаю выведкаю. Падставаў чакаць у хуткім часе новай спробы ўварвання з беларускага кірунку няма, адзначае эксперт.

Тым часам на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях працягваюць выбухаць вайсковыя камендатуры і месцы дыслакацыі расейскіх жаўнераў. У самой жа Расеі, выглядае, за гэтымі навінамі не паспяваюць. Там усё яшчэ шукаюць, каго б зрабіць крайнім за амаль прамысловыя страты мабілізаваных у Макееўцы ў навагоднюю ноч. Ды як адпомсціць, прынамсі на словах.

Гэтак, напярэдадні расейскае Міністэрства абаароны паведаміла, што каля Краматорску былі знішчаныя дзве РСЗА HIMARS. Усяго ж, маўляў, зліквідавалі 24 устаноўкі. Яшчэ адзінаццаць такіх сістэмаў нібыта вывелі са строю. Алег Жданаў кажа:

«Мы ва Украіне дадаем, гэта такі жарт, 54 з 35, з наяўных. На сёння ніводная ўстаноўка HIMARS ва Украіне не пашкоджаная. Яны спрабуюць неяк апраўдацца – мы адказвалі, мы ўсё знішчылі. Ўстаноўка Хаймарс не стаіць і не чакае пакуль яе знішчаць. Пасля апошняга стрэлу яна адразу ж з’язджае».

На фоне вялікіх стратаў расейцаў – усё больш размоваў і ў самой Расеі пра ўсеагульную мабілізацыю. Што праўда, у некаторых экспертаў на гэты конт – сваё меркаванне. Паводле палітолага Івана Прэабражэнскага:

«Усеагульная мабілізацыя азначае, што будзе мабілізавана ўмоўна кажучы адначасова ну мільён чалавек. Іх няма куды падзець. Расейскія чыгункі не вытрымаюць перавозку мільёна чалавек. Расейская прамысловасць харчовая не вытрымае для ваенных патрэб пастаўку такой колькасці харчавання».

Тое сама і з расейскаю зброяй, што проста перамолваецца на ўкраінскім фронце, кажа эксперт:

«Няма аўтаматаў, няма цяжкага ўзбраення дастатковага для гэтага, няма формы. Пуцін учора або пазаўчора з Шайгу абмяркоўваў неабходнасць забеспячэння расейскай арміі. З чаго можна зрабіць выснову, што армія не забяспечваецца».

Сапраўды, расейцы зазнаюць вайсковыя паразы і страты, аднак працягваюць абстрэльваць ракетамі цывільныя абʼекты на тэрыторыі Украіны амаль штодня. У тым ліку, каб здушыць ва ўкраінцаў волю да супраціву. Такія святы, як Новы год і Каляды, не становяцца для акупантаў перашкодай. Як людзі псіхалагічна супрацьстаяць такому ціску? Кажа вайсковы псіхолаг Андрэй Казінчук:

«У кожнага гэта свой рытуал. У кагосьці аліўе, у кагосьці з сваякамі ў Украіне сустрэцца. Вось зараз будуць Каляды, гэта абавязкова калядкі, дзеці будуць песні спяваць. І гэта тое, што засталося з мінулага жыцця, тое, за што можна чапляцца. Рытуалы павінны быць, інакш мы проста можам не справіцца».

Што ж да псіхалагічнага стану жаўнераў? Эксперт кажа, ва украінскіх абаронцаў маральны дух і матывацыя – на высокім узроўні. Хаця і не без праблемаў. Псіхолаг дадае:

«Я не магу сказаць, што ў нас усё вось усё «огого», але мы ведаем хаця б, што ў нас у асноўным гэта стомленасць, мы не часта можам мяняцца. Але ў нас няма такога, каб ты не разумеў, што ты робіш. У нас часта такое, што я выконваю свае абавязкі не так крута, як мне б хацелася. А гэта вельмі добрая штука».

Безумоўна, матываваць украінскіх жаўнераў будуць і такія звароты, і факты выяўлення чарговай катоўні на дэакупаванай Херсоншчыне.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»