Традыцыйна, як і патрабавала абвінавачанне, – 4 гады калоніі і амаль сто тысяч рублёў штрафу. У судзе Маладзечанскага раёну Аляксей Іршын абвесціў прысуд палітзняволенаму Аляксандру Манцэвічу. Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» прызналі вінаватым у нібыта дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Праваабаронца, рэгіянальны кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту ў Маладзечне Эдуард Баланчук, даўно знаёмы з Аляксандрам Манцэвічам, лічыць што пакаралі журналіста за праўду:
«За праўду, за сумленне. Можа, гэта будзе пафасна гучаць, але ён атрымаў за ўсіх. Таму што журналісты з’ехалі і, дзякуй Богу, зараз у бяспецы. А адбіліся на Аляксандру Барысавічу».
У апошнім слове на судзе Аляксандр Манцэвіч сказаў, што некалі зʼявіцца вуліца імя «Рэгіянальнай газеты», якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду.
«Шкада, што я як дзед не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе ягоны дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда. Шкада газету, якая магла існаваць доўгія гады. Сваёй віны не прызнаю», – сказаў палітзняволены ў апошнім слове на судзе.
«Рэгіянальная газета», якою кіраваў Аляксандр Манцэвіч, – галоўнае незалежнае выданне Маладзечна і рэгіёну, у якім жывуць каля паўмільёна чалавек. У 2020 годзе пасля выбараў журналісты выдання актыўна асвятлялі ўсе акцыі, што адбываліся ў рэгіёне, кажа Эдуард Баланчук.
«Гэта помста рэжыму і мясцовай эліты маладзечанскай за тое, што зрабілі журналісты: Зоя Хруцкая, Наста Уткіна – яны змаглі адзняць вялікую колькасць матэрыялу, агромністую, яны гэта ўсё вывезлі».
Сёння за кратамі застаюцца 33 журналісты, на іх жорстка ціснуць. Толькі за 9 месяцаў сёлета 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачванняў. З пачатку года адбылося 26 ператрусаў, 35 затрыманняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў. Агулам сітуацыю пасля выбараў 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў акрэслівае як тэрор супраць прадстаўнікоў медыясферы.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»