Пернікі ад Лукашэнкі: лаяльныя суддзі ідуць на павышэнне


1463. Столькі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязняў у Беларусі. Ініцыятыва «dissidentby» падае больш высокую лічбу – 1680.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Затрыманне, арышт, суд, вырак. У гэтым ланцужку ключавую ролю граюць суддзі – кажа прэсавы сакратар «BELPOL», былы палітвязень Аляксандр Кабанаў:

«Ні следчыя, ні пракуроры, ні амапаўцы, гестапаўцы. У першую чаргу гэта суддзі. Калі ў мяне ішло следства, я свайму следчаму сказаў: “Паслухай, вы рана ці позна адкажаце за ўсё!” А ён мне на гэта сказаў: “А мы тут прычым? Цябе будзе судзіць суд”».

З такою прамоваю Лукашэнка выступаў перад суддзямі сёлета ў красавіку. Пры гэтым нібыта пераконваў: нам няма чаго саромецца – нават пасля 2020-га:

«Мы паступілі правільна. Памятайце, вы баранілі сваю краіну. І мы з вамі ўратавалі тую краіну».

А вось і ўзнагарода. 6 новых суддзяў у Вярхоўным Судзе. Амаль усе яны выносілі відавочна палітычныя прысуды.

«Несумненна, у рэаліях рэжыму Лукашэнкі, у яго сусвеце, прасоўваюцца па кар’ернай лесвіцы тыя асобы, якія, з аднаго боку, лаяльныя, а з другога боку – тыя, на каго ёсць пэўны кампрамат», – зазначае юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Сярод тых, хто зойме месца ў Вярхоўным Судзе, Святлана Бандарэнка. Да гэтага працавала ў Менскім гарадскім судзе. Вынесла не менш за 118 палітычна матываваных рашэнняў. 8 гадоў няволі журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку, завочна 12 гадоў калоніі Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, выракі журналістцы Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну ў справе «аб нуль праміле». Кацярыну і Арцёма судзілі за тое, што яны даказалі: забіты сілавікамі на плошчы Пераменаў Раман Бандарэнка быў цвярозы, а не пʼяны, як сцвярджалі прапагандысты і нават сам Лукашэнка.

Таксама ў Вярхоўны Суд перавялі Аляксея Хлышчанкова з Гомля. Ён вынес прынамсі 51 палітычна матываванае рашэнне. Сярод іншага, прысудзіў 4 гады пазбаўлення волі журналісту Яўгену Меркісу.

Вярхоўны суд.
Фота: Белсат

Новыя прызначэнні тычыліся не толькі Вярхоўнага Суда. Гэтак, Андрэй Бычыла раней быў простым суддзём суда Пінскага раёну, цяпер жа ён яго ўзначаліць. Бычыла, між іншага, вынес прысуд інваліду 2 групы Мікалаю Клімовічу: 2 гады калоніі за карыкатуру на Лукашэнку. Клімовіч папярэджваў: хворае сэрца не вытрымае, але суддзя не паслухаў. Праз тры месяцы палітвязень памёр.

«Няважна, якая ў цябе хвароба, няважна, учыніў ты злачынства ці не ўчыніў. Зверху спушчаны загад, і яго трэба выконваць. Гэтыя загады спускаюць супрацоўнікі КДБ у асноўным. У КДБ ёсць аддзел, які працуе менавіта з суддзямі», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Юрыст Арцём Праскаловіч нагадвае: паводле беларускага заканадаўства, за заведама неправасудны вырак суддзю могуць пакараць нават 10 гадамі турмы. Але некаторых ударнікаў палітычных выракаў трэба судзіць і паводле іншага артыкулу: за падтрыманне ўзброенага захопу ўлады ў 2020.

«Я лічу, што ўсе яны ёсць саўдзельнікамі гэтага злачынства, якое не мае тэрміну даўніны і за якое прадугледжанае пажыццёвае пакаранне».

Часам не да законаў – прызнаваўся сам Лукашэнка. Гэта пацвярджаюць лічбы ад «Праекту за сусветную справядлівасць». Паводле новага даследавання, Беларусь у глабальным Індэксе вяршэнства закону – на 104 месцы сярод 142 краінаў.

Алесь Яшчанка, «Белсат»