Пладзіцеся і размнажайцеся: рэжым пераконвае беларусаў нараджаць


Дэмаграфія не дае спакою функцыянерам рэжыму Лукашэнкі. То Наталля Качанава бедавала, што беларускі позна выходзяць замуж і мала нараджаюць. А цяпер кіраўніца праўладнага Саюзу жанчын Вольга Шпілеўская стала агітаваць за шматдзетнасць і традыцыйныя каштоўнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Функцыянеры рэжыму турбуюцца пра нізкую нараджальнасць у Беларусі – праблеме прысвяцілі цэлае ток-шоу на СТВ. Развязанне бачаць у традыцыйных каштоўнасцях.

«Вазьміце за прыклад той самы Узбекістан, дзе дагэтуль дзяцей нараджаюць – і нараджаюць шмат. Такія традыцыі застаюцца ў сям’і. Таму, напэўна, што не на сто адсоткаў туды пранікла заходняя культура, заходнія каштоўнасці», – кажа старшыня Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская.

Параўноўваць Беларусь і Цэнтральную Азію некарэктна, кажа шматдзетная маці Мая Церакулава, што родам з Казахстану. Бо ў грамадстваў розны светапогляд.

«Чалавеку з Казахстану здаецца нонсэнсам думка, што бацькі павінныя купіць яму кватэру. Што да адукацыі, то калі ты разумны, то будзеш вучыцца. Там зусім іншая структура сямʼі: шмат сваякоў, вялікая ўзаемападтрымка. У Беларусі ж семʼі атамізаваныя», – тлумачыць Мая Церакулава.

Адыход ад шматдзетнасці ў Беларусі пачаўся яшчэ за савецкім часам – кажа гендарная даследніца Ірына Сідорская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзіця, якое нарадзілася чатыры дні таму, спіць у радзільным доме. Кіеў, Украіна. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«У больш познім веку людзі жэняцца і нараджаюць дзяцей – гэта цалкам нармальная сітуацыя для постындустрыйнай, інфармацыйнай краіны, якой ёсць Беларусь», – мяркуе Ірына Сідорская.

Акрамя таго, Беларусь пакінулі, падобна, сотні тысяч палітэмігрантаў. У адной Польшчы беларусаў цяпер жыве да 250 тысячаў, паводле ацэнкі выдання «ProDelo». Функцыянеры рэжыму ўплыву падзеяў 2020-га года на дэмаграфію не прызнаюць.

«Я не магу сказаць, што яны ў 2020 годзе былі такія ўжо ашаламляльныя. Так, былі нюансы. Але глабальна гэта не можа адбіцца на нараджальнасці, бо ўсё адно ў краіне была стабільная абстаноўка», – заявіла ў эфіры ток-шоу намесніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Гашкевіч.

Хаця многія эмігранты зʼехалі з дзецьмі і працягваюць нараджаць ужо за мяжой. Толькі ў Польшчы летась беларускія грамадзянкі нарадзілі больш за 700 немаўлятаў. Унутры ж Беларусі працягваюцца рэпрэсіі. Пад іх трапляюць і шматдзетныя маці. Палітычная ды эканамічная сітуацыя істотна ўплывае на нараджальнасць – мяркуе Ірына Сідорская.

«Мы бачым рэгрэс. І мы калі чуем пра тое, што гаворыць улада, то разумеем, што будзе яшчэ горш. Дык для чаго тады нараджаць дзяцей?» – разважае Ірына Сідорская.

«Нараджэнне дзіцяці штурхае сямʼю да беднасці. Дзіця – гэта складана і дорага. Жанчыны ў Беларусі разумеюць, як шмат яны страчваюць з нараджэннем дзяцей, таму нараджаюць мала», – мяркуе Мая Церакулава.

Пры даволі доўгім дэкрэтным адпачынку штомесячныя выплаты на дзіця да трох гадоў, аднак, не супастаўляльныя з сярэднім заробкам. Ці дапаможа прапаганда традыцыйных каштоўнасцяў?

«Гэта такі заклік: давайце вы будзеце развязваць гэтую праблему. Не мы гэтым зоймемся, мы не прызнаем, што нясем за гэта адказнасць і што гэта нашая віна. Вы маеце нараджаць, вы вінныя дзяржаве, а не дзяржава вам», – мяркуе гендарная даследчыца Юлія Міцкевіч.

Нараджальнасць у Беларусі штогод падае прыблізна на 10 % – прызнаюць удзельнікі згаданага вышэй ток-шоу. А насельніцтва краіны за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі, паводле лічбаў Белстату, скарацілася на мільён чалавек.

Валянцін Васіленка, «Белсат»