Канстытуцыя 3-га траўня заклала падмурак дэмакратыі ў Еўропе


3 траўня – важная дата ў агульнаеўрапейскай гісторыі. У гэты дзень у 1791 годзе была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Роўна дзвесце трыццаць два гады таму Сейм Рэчы Паспалітай прыняў Канстытуцыю. Гэта дакумент моцна рэфармаваў тагачаснае жыццё нашых продкаў і стаў адным з найважнейшых сімвалаў незалежнасці і барацьбы за дзяржаўнасць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Канстытуцыю 3-га траўня падпісаў у Каралеўскім палацы ў Варшаве апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Звод прававых нормаў стаўся першым у Еўропе і другім – пасля амерыканскага – у цэлым свеце.

«Гэта быў сімвал Рэчы Паспалітай і народаў, з якіх яна складалася: літоўцаў, беларусаў, украінцаў і палякаў, якія мелі права на сваю ўладу, на сваю эканоміку, на свае ўзброеныя сілы. І хацелі таго. Але нядобрыя суседзі ім гэтага не дазволілі», – мяркуе прафесар гісторыі Варшаўскага ўніверсітэту Анджэй Закшэўскі.

У дакуменце знайшлі адлюстраванне ідэі суверэнітэту народу, вяршэнства права і раздзялення ўлады на судовую, выканаўчую і заканадаўчую. Акрамя таго, дакумент устанавіў правы і свабоды гараджанаў ды сялянаў, адмяняў правіла «Лібэрум вэто», якім злоўжывала шляхта, ды змяняў дзяржаўны строй на спадчынную манархію.

«Па-першае, ужо было відаць, што грамадзянін – гэта не толькі шляхціч. Была створаная брамка для прыняцця самых магутных, заслужаных і актыўных прадстаўнікоў мяшчанства. Па-другое, яна стварыла новы, больш эфектыўны ўстаў Рэчы Паспалітай», – кажа прафесар гісторыі.

Пры гэтым частка палажэнняў Канстытуцыі даволі спрэчная сярод гісторыкаў. Маўляў, праз уведзены ўнітарны характар Рэчы Паспалітай нібыта знікала дзяленне на Польскае Каралеўства і Княства Літоўскае. На думку Цімафея Акудовіча, Канстытуцыя не ліквідавала ўніі паміж Польшчай і ВКЛ. Апошняя дзяржава захоўвала сваю сімволіку, скарб, сістэму пасадаў, тытулаў і званняў.

«Адзінае, што памянялася, – структура кіравання дзяржавай. З’явіліся цэнтральныя апараты, у якіх ліцвінаў і палякаў было пароўну. Так было зручней. Як бы яно працавала далей, наколькі б гэта паўплывала на змяншэнне самастойнасці ВКЛ ці наадварот – мы не ведаем. На жаль, усё хутка скончылася», – кажа гісторык Цімафей Акудовіч.

Паводле гісторыка, Канстытуцыю 3-га траўня жыхары ВКЛ успрымалі станоўча. Прынамсі адукаваная частка грамадства, якая прагнула зменаў. Для іх яна сталася надзеяй на ўратаванне дзяржавы.

«Мы мусім пра яе памятаць. Таму што гэта нашыя продкі прымалі гэтую канстытуцыю. Бралі на сябе гэтыя рызыкі. Абмяркоўвалі яе і ўрэшце пагадзілі з ёй, бо хацелі зменаў у супольнай дзяржаве», – мяркуе гісторык Цімафей Акудовіч.

Канстытуцыя трэцяга траўня праіснавала ўсяго дзевятнаццаць месяцаў. Супраць яе рэформаў выступілі польскія магнаты і беззямельная шляхта, за якімі стаялі Расейская імперыя і Прусія.

Не зважаючы на кароткі тэрмін існавання, Канстытуцыя 3-га траўня заклала падмурак дэмакратыі ў Еўропе, адзначаюць нашыя суразмоўцы.

Наста Печанькова, «Белсат»