Індэкс свабоды прэсы: Беларусь знаходзіцца паміж Палестынскай аўтаноміяй і Нікарагуа


Трыццаць тры. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, столькі нашых калегаў цяпер за кратамі. Толькі за тое, што распаўсюджвалі інфармацыю. За тое, што выконвалі сваю працу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Андрэй Аляксандраў, Дзіма Наважылаў, Ірына Леўшына, Марына Золатава і можна пералічваць, пералічваць, пералічваць», – канстатуе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

«Шмат журналістаў былі вымушаныя выехаць з Беларусі, беларускія выданні прызнаныя экстрэмісцкімі, а значыцца, што фактычна ўсе іх супрацоўнікі – гэта таксама экстрэмісты. Шмат журналістаў, у тым ліку наш Анджэй Пачобут, унесены ў міжнародны спіс тэрарыстаў. І гэта ненармальна», – зазначае галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт»Вольга Сямашка.

Сёння – Сусветны дзень свабоды прэсы. Свабоды, якой у Беларусі няма. Сапраўдная журналістыка знішчаная разам з недзяржаўным сектарам, грамадзянскаю супольнасцю і любым іншадумствам. Нагадаць пра гэта ў Беларусі – значыць сесці ў турму. Таму гэтая акцыя салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі адбываецца не ў Менску, а ў блізкай беларусам Вільні. Яе зладзілі беларуская і літоўская асацыяцыі журналістаў.

«Мы – суседзі, мы – сябры. Калегі са Скандынавіі клапаціліся, калі ў пачатку 1990-ых нам было цяжка, а цяпер мы клапоцімся, каб калегам у Беларусі было нашмат лепей, чымся цяпер рэжым дазваляе працаваць», – кажа старшыня Звязу журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус.

Штогод арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у гэты дзень публікуе рэйтынг краінаў паводле свабоды медыяў. Усяго ў спісе – 180 дзяржаваў. У Беларусі – 157 месца, паміж Палестынскай аўтаноміяй і Нікарагуа: за год мы апусціліся на 4 пазіцыі, падкрэслівае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Гэта вынік жорсткіх рэпрэсіяў супраць медыяў, якія працягваюцца ў краіне, вынік таго, што сёння абсалютна ўсе цэнтральныя грамадска-палітычныя выданні прызнаныя альбо экстрэмісцкімі фармаваннямі, альбо экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Сярод нашых краінаў-суседак найгоршае месца ў рэйтынгу – у Расеі, 164. Нават Украіну, дзе ідзе вайна, «Рэпарцёры без межаў» палічылі больш бяспечнаю для журналістаў, чымся Беларусь.

«Улада проста вядзе вайну супраць журналістаў, супраць выданняў, фактычна супраць усіх, хто мае нейкае дачыненне да медыяў. І тут не толькі журналісты цярпяць, але і чытачы, слухачы, гледачы, якія камунікавалі з рэдакцыямі, якія распаўсюджвалі матэрыялы, проста нешта паведамілі ў медыі і за гэта трапілі за краты», – падкрэслівае Барыс Гарэцкі.

Кацярына Андрэева, журналістка «Белсату», цяпер адбывае ўжо другое пакаранне. За нібыта здраду дзяржаве суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да гэтага Кацярына разам з нашай іншаю каляжанкаю Дар’яй Чульцовай адбывала два гады калоніі за нібыта арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. За такія дзеянні рэжым палічыў стрым з плошчы Пераменаў, то бок выкананне працы. Гэта толькі адзін з трыццаці трох прыкладаў.

«Каця вельмі працавіты чалавек, і яна вельмі сумуе па сваёй працы. Наколькі я магу ведаць, яна цяпер піша вершы, якія друкуюцца, яна дасылае іх сваім родным, і гэта вельмі кранальныя вершы», – кажа былая палітзняволеная журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова.

Да 2020 года незалежных журналістаў у экстрэмісты не запісвалі, але каралі штрафамі і соднямі за працу без гэтак званай акрэдытацыі. Яшчэ некалькі гадоў таму журналісты Таццяна Смоткіна, Ларыса Шчыракова, Тамара Шчапёткіна і Зміцер Лупач паскардзіліся ў Камітэт правоў чалавека ААН на тое, што рэжым Лукашэнкі парушае іхнае права на збор і распаўсюд інфармацыі. І вось днямі прыйшоў адказ. Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў прызнала афіцыйны Менск вінаватым у парушэнні правоў журналістаў. Адметна, што трое з чатырох нашых калегаў пакінулі Беларусь, Ларыса Шчыракова – за кратамі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»