256 паселішчаў – без святла, безліч пашкоджанняў будынкаў, аўтаў ды іншай маёмасці. І гэта ўсё толькі за адны содні. А таксама завіруха і пясчаная бура ў красавіку. Непагадзь у Беларусі здзіўляе ды палохае. Што адбывалася і якое надвор’е чакае краіну найбліжэйшымі днямі?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Паваленыя дрэвы, сарваныя дахі і пашкоджаныя аўтамабілі – гэткія наступствы для Беларусі пясчанай буры з Сахары і навальнічнага фронту, што папярэднічае актыўнаму атлантычнаму цыклону.
«За найбліжэйшыя 2-3 гады, пакуль будзе дзеяць Эль-Ніннё, такіх анамаліяў будзе шмат. Мы не ведаем пакуль, калі будзе пік. Я думаю, за найбліжэйшы год іх будзе не менш, чымся ў мінулым годзе. Да гэтага трэба рыхтавацца», – зазначае эколаг, актывіст Сяржук Герасімовіч.
Але, падобна, у Беларусі акурат да надзвычайнага надворʼя не гатовыя. Непагадзь прывяла да адключэння электраэнергіі ў 256 мясцовасцях. Найбольш пацярпелі Гомельская і Менская вобласці.
Моцныя парывы ветру ў 20-24 м/с сталіся прычынай абрушэння часткі сцяны жылога дому ў паселішчы Урыцкае блізу Гомля. Адразу пасля здарэння ў доме адключылі газ і электрычнасць, а экстраныя службы пачалі разбіраць завалы.
А вось паблізу Гомельскай ЦЭЦ-2 праз падзенне дрэваў абарвалася электралінія, пачаўся пажар.
Агулам жа па краіне зафіксаваныя 45 выпадкаў падзення дрэваў.
Жыхары Мазыра перажылі сапраўдную пясчаную буру. Сярод наступстваў стыхіі – знішчаныя білборд і гандлёвы шапік.
«На жаль, у Беларусі адпаведныя службы менш падрыхтаваныя да іх, чымся, напрыклад, у Заходняй Еўропе. Трэба ўкладаць грошы, трэба паступовая праца. А ў нас рэагаванне адбываецца толькі пасля таго, як нешта адбылося», – зазначае Сяржук Герасімовіч.
Найбліжэйшыя дні ў Беларусі праз атлантычны цыклон захаваецца неспрыяльнае надворʼе. Сіноптыкі прагназуюць пахаладанне, мокры снег і парывісты вецер. Ратавальнікі заклікаюць рыхтавацца да наступстваў.
Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»