Лукашэнка пагражае аматарам лекавацца на радзіме


Беларусы, якія з’ехалі, зноў не даюць спакою Лукашэнку: «Уязджаць, то ўязджаюць. А вось, даслоўна, зубок вылекаваць да нас едуць. Там даражэй».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але сітуацыя можа змяніцца. Лукашэнка паабяцаў урэгуляваць пытанне з тымі, хто плаціць падаткі за мяжою, а здароўе папраўляе на радзіме. Маўляў, цярпяць ад гэтай сітуацыі беларусы ў краіне, якія плацяць падаткі.

«Звярніце ўвагу проста на саму фармулёўку – тут танней. Гэта значыць, не бясплатна прыязджаюць людзі лекавацца. На платных паслугах клініка павінна зарабляць. А логіка атрымліваецца, што ў прыярытэце варта не тое, каб б развіваць нейкую галіну, а проста зрабіць брыдоту тым, хто зʼехаў. Гэта значыць, беларусы, якія працуюць у Польшчы, мы вам паставім палкі ў колы. Але палякі, прыязджайце, лячыце ў нас зубы, таму што ў нас класна», – адзначыў доктар і намеснік прадстаўніцы ў справе сацыяльнай палітыкі Абʼяднанага пераходнага кабінету Станіслаў Салавей.

Ці закрануць змены, што наступяць пасля заявы Лукашэнкі, толькі тарыфы на медычныя паслугі для беларусаў, якія зʼехалі, – невядома. Але яшчэ ў 2022-ім годзе прапагандысты прапаноўвалі ўвогуле пазбавіць такіх грамадзянаў магчымасці лекавацца на радзіме бясплатна. Хаця гэтае права замацаванае ў перапісанай Лукашэнкам Канстытуцыі. У Міністэрстве аховы здароўя прапанову тады падтрымалі часткова: маўляў, экстраная дапамога мусіць застацца бясплатнаю.

Для беларусаў жа ў самой краіне медыцына мусіць стаць не проста даступнай, а народнай. Пра гэта Лукашэнка заявіў толькі цяпер, але чыноўнікі пачалі рабіць адпаведныя захады яшчэ летась. Прынамсі ўвялі дзяржаўнае рэгуляванне коштаў на ўсе віды стаматалагічных паслуг. У Мінздароўя абяцалі, што такім чынам лекаванне патаннее. Аднак не ўдалося. Сёлета ў сакавіку паразу прызнаў прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка.

Выправіць хібы ў гэтай сістэме рэгулявання чыноўнік даручыў цяперашняму міністру аховы здароўя Аляксандру Хаджаеву. Ён жа раней агучваў больш амбітныя планы: развязаць праблему з розніцаю коштаў на паслугі ў дзяржаўных і прыватных медычных установах.

Пры тым, што гэтыя цэнтры вось ужо амаль два гады існуюць ва ўмовах ціску з боку рэжыму. У выніку з 11-ці клінік, якім чыноўнікі прыпынялі ліцэнзіі, 5 спынілі працу.

«Першая задача для Міністэрства аховы здароўя, каб быў задаволены адзін састарэлы дыктатар. І на гэтым можна ставіць кропку. Калі ён заўтра скажа, што нам анкалогія ўвогуле не патрэбная, закрывайце дыспансеры – іх зачыняць. Скажуць, што ў нас ніхто не павінен паміраць ад інфаркту, усе перастануць паміраць ад інфаркту. Гэта значыць, уся сістэма круціцца вакол меркавання аднаго чалавека», – мяркуе Станіслаў Салавей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гродзенская цэнтральная гарадская паліклініка. Горадня, Беларусь. Кастрычнік 2021
Фота: Белсат

Затое праблемаў з нястачаю медычных кадраў у Беларусі ні ў Міністэрстве аховы здароўя, ні сам Лукашэнка быццам не бачаць. Аднак пра сітуацыю з кадравым забеспячэннем сістэмы аховы здароўя сведчаць лічбы. Паводле Рэспубліканскага банку вакансіяў, цяпер у Беларусі не стае больш за 4 500 дактароў і 4 100 медычных сясцёр.

«Выглядае, што проста дзяржаўная беларуская сістэма фактычна ўжо апусціла рукі наконт таго, каб ствараць нейкія пазітыўныя стымулы, выпраўляць рэальна гэтую праблему. Таму застаецца толькі праблему замоўчваць і фактычна запрыгоньваць канчаткова тых, хто з нейкіх сваіх асабістых прычынаў усё роўна вось так гатовы вучыцца ў беларускіх медычных ВНУ, працаваць», – мяркуе каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка.

Днямі рэжым анансаваў чарговыя змены. Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што краіна ўжо амаль цалкам перайшла на бюджэтную форму рыхтавання медыкаў. А значыць, усё больш маладых адмыслоўцаў чакае абавязковая адпрацоўванне.

Ірына Юрʼева, «Белсат»