Другі блок БелАЭС плануюць уключыць бліжэйшым часам


Першае выпрабавальнае ўключэнне другога энергаблоку БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму плануюць ужо зусім неўзабаве: у сакавіку або красавіку, абвясціў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. І дадаў, што галоўнае пры гэтым – пытанне бяспекі і надзейнай працы абʼекту. Паўнавартаснае ўключэнне другога энергаблоку завершыць шматгадовую эпапею будоўлі і запуску БелАЭС. Але не здыме трывогі ў краінах-суседках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

РытасСтасяліс, эксперт Асацыяцыі літоўскіх энергетычных кампаніяў, канстатаваў, што еўрапейскія і літоўскія інстытуцыі, МАГАТЭ, у прыватнасці, указвалі беларускай уладзе аб пагрозах.

Зрэшты, намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк чарговы раз пацвердзіў, што ўсе працы на БелАЭС ідуць паводле планаў і строга згодна з тэхналогіяй. Ідзе падрыхтоўка да разагрэву і гідраўлічных выпрабаванняў першага і другога контуру рэактарнай устаноўкі на трываласць і шчыльнасць. Затым адбудзецца выхад на мінімальна кантралюемы ўзровень магутнасці рэактарнай устаноўкі, патлумачыў намеснік міністра Міхадзюк. І дадаў, што першы энергаблок цяпер працуе на намінальнай магутнасці. І з трэцяга лістапада 2020 года, калі яго ўключылі ў сетку, выпрацаваў 11,7 мільярдаў кілават-гадзінаў электраэнергіі. Гэта дазволіла замясціць 3,4 мільярды кубаметраў прыроднага газу.

Расейскі інжынер-ядравік Андрэй Ажароўскі, удзельнік Беларускай антыядравай кампаніі, нагадаў пра бясконцыя рамонты і непаладкі на гэтым блоку:

«Першы блок атрымаўся вельмі крывенькі, працуе прыкладна палову часу, які ён мусіць працаваць – не 90%, а 50% часу. Мы ведаем – дзякуй кіберпартызанам – што ёсць велізарная колькасць парушэнняў і недаробак: 14000 па першым блоку і што каля 8000– па другім».

Кіберпартызаны здабылі скан дакладу «Росатаму», у якім заўвагі наконт Беларускай АЭС занялі 25 старонак. Яшчэ на 10 – распісаныя тэрміны ды падрадчыкі для выпраўлення браку. Але гэта толькі частка праблемы. Другое пытанне – эканамічнае. Праект у Астраўцы здзяйснялі з разлікам экспартаваць энергію. Але Літва адразу папярэдзіла, што купляць яе не будзе. Байкот падтрымалі таксама Латвія і Эстонія.

«У красавіку летась у сетку быў уключаны трэці блок фінскай атамнай станцыі Олкілуота, – паведаміў Рытас Стасяліс. – І я паглядзеў на патокі сённяшнія, учорашнія, тыдзень таму – электраэнергія фінскага паходжання ідзе па балтыйскіх краінах на поўную магутнасць. І ўсё-ўсё працуе!»

На думку Андрэя Ажароўскага, у цяперашніх умовах ад Беларускай атамнай электрастанцыі – болей праблемаў, чым карысці. Ён перакананы: цяпер патрэбныя палітычныя намаганні, каб ад гэтай небяспечнай атамнай станцыі пазбаўляцца. Але «Росатам» абяцае, што гэтая штука прапрацуе 60 гадоў. Значыць, 60 гадоў, што б ні здарылася ў Беларусі, няхай хоць сто разоў рэжым зменіцца, – такая небяспека будзе трываць.

Тым часам пазалетась на нарадзе Лукашэнка абвясціў: «Трэба будзе – пабудуем яшчэ адну атамную электрастанцыю!»

Марына Яновіч, «Белсат»