Школьнікі-«патрыёты» палююць на школьнікаў-курцоў


Новае патрыятычнае фармаванне ў менскай школе нумар сто восемдзесят. Групе школьнікаў, якія не паляць цыгарэтаў ці вэйпаў, далі паўнамоцтвы ганяць курцоў і чытаць ім лекцыі пра здаровы лад жыцця. Ці дзейны гэта метад у змаганні з паленнем? Не – кажуць педагогі, якія больш не працуюць у лукашэнкаўскай сістэме адукацыі. Навошта школе такі атрад і як прасоўваецца «выхаванне» ў іншых патрыятычных клубах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле навукова-практычнага цэнтру гігіены, кожны шосты апытаны школьнік – вэйпер (спажывец электронных цыгарэт). У Сярэдняй школе № 180 у Менску ўзяліся палепшыць статыстыку. Наглядам за курцамі і даносамі на іх займаецца атрад старшакласнікаў.

«На мой погляд, праблемаю палення ў падлеткаў у першую чаргу павінныя цікавіцца бацькі і займацца – бацькі. Група дзяцей – быццам над усімі астатнімі. Мы ж быццам бы за раўнапраўе, але нехта аказваецца “раўнейшым”», – кажа былая беларуская настаўніца Ганна Саламонава.

Уладу 14-ці маладзёнам даў кіраўнік у гэтак званым вайскова-патрыятычным выхаванні Павел Юнік. Выдаў ім сінія кашулі і кепкі з эмблемаю атраду «Галеон». Гэтак называліся вялізныя шматпалубныя вайскова-транспартавыя караблі ў час адраджэння. Чальцоў атраду называюць байцамі, хоць у інтэрв’ю прапагандыстам тыя запэўнівалі, што падчас рэйдаў не канфіскоўваюць гэджэтаў сілаю.

«Школьніка, заўважанага з вэйпам, бяром на кантроль, праводзім з ім прафілактычную і тлумачальную працу. Графіку дзяжурстваў на калідорах у нас няма. Мы толькі стараемся падтрымліваць парадак у школе. Хлопцы, якія праз неабдуманасць папаліся на вэйпах, уваходзяць у склад лекцыйнай групы», – распавядаюць у атрадзе «Галеон».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі з вэйпам.
Фота: Расціслаў Нетысаў

Былая настаўніца Ганна Саламонава дапускае, што атрад стварылі «для галачкі» і раздзьмулі ў медыях:

«Усіх зганяюць, прыбіраюць, робяць фота, потым забіраюць гэтую вопратку і дзеці не бачаць яе ніколі больш. Так было заўсёды. Можа быць, гэты клуб увогуле не дзее. Гэта дурніца. Дзеці згубяць цікавасць праз тыдзень. А курыльшчыкі як палілі, гэтак і паляць».

Былы выкладчык Вадзім Мажэйка думае, што гэты атрад не найгоршы ў параўнанні з іншымі парамілітарнымі фармаваннямі, што ствараюцца ў школах. У 134-ох гэтак званых патрыятычных клубах пры органах унутраных справаў і ўнутраных войсках займаюцца чатыры з паловаю тысячы дзяцей – рапартаваў галоўны міліцыянт краіны.

«Канешне, сумнеўна, што ўсю моладзь цяпер перавучаць і замест тык-току інфлюэнсерамі стануць ваенрукі. Але само па сабе вельмі дрэнна, што доступ да такой дзейнасці ў школах маюць толькі сілавікі. Калі б была разнастайнасць магчымасцяў, разнастайнасць меркаванняў прадстаўленая, арганізацыяў, то недахопы адных кампенсаваліся б бонусамі другіх», – кажа  рэдактар «Беларускага Штогодніка» Вадзім Мажэйка.

Згодна з цэнтралізаваным загадам, установы адукацыі крадуць у дзяцей альтэрнатыву. Тым жа змагарам з курэннем у 180-ай сталічнай школе ваенрук прапаноўвае будучыню ў шэрагах абаронцаў лукашэнкаўскай вертыкалі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»