Расейскі вайсковы тэрор Украіны: чым адкажа свет?


Ноччу расейцы білі па Харкаве. Выпушчаныя гэтым разам з комплексаў С-300 ракеты разарваліся побач з жылым домам і сярэдняй школай. Гэта стала працягам пяцідзённага расейскага ракетна-дронавага тэрору Украіны ў перыяд калядных і навагодніх святаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Атакі носяць камбінаваны характар. Гэта і псіхалагічны, тэрарыстычны ціск на ўкраінскае грамадства ў тыле. Не толькі на перадавой. Акрамя гэтага – нанясенне шкоды сацыяльна-эканамічнай. Бо так ці інакш гэта, на жаль, страты», – кажа спецыяліст украінскага Цэнтру вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.

Такія дзеянні Расеі не маюць выразнай вайсковай эфектыўнасці. Акрамя ўласна дэмаралізацыі ўкраінскага цывільнага насельніцтва, Пуцін робіць стаўку на ўнутраную расейскую аўдыторыю.

«У сярэдзіне красавіка маюць прайсці перавыбары Пуціна. На іх Пуцін атрымае найвышэйшы вынік за ўвесь час балатавання. Тут у мяне няма сумневаў. Адпаведна, яму трэба прадэманстраваць грамадзянам Расеі поспехі. Поспехі непасрэдна на фронце – прадэманстраваць даволі складана», – упэўнены палітолаг Яўген Магда.

Між тым свет пачынае рэагаваць на згаданыя дзеянні Расеі. Пакуль – адназначнымі заявамі заходніх палітыкаў і дыпламатаў:

«Калі хтосьці верыць чуткам, што Расея шчыра зацікаўленая ў мірных перамовах, то рэкордная колькасць беспілотнікаў, выпушчаных па Украіне за апошнія 24 гадзіны, паказвае сапраўдныя намеры Масквы. Атакі робяцца яшчэ больш цынічнымі, калі ўлічыць, што іх інтэнсіўнасць супадае з навагоднімі святамі. Дух Украіны не можа быць зламаны. ЕЗ падтрымлівае Украіну», – заявіў кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

«За апошнія пяць дзён Расея выпусціла па Украіне больш за 450 ракетаў і беспілотнікаў. Пуцін забіў і параніў мірных жыхароў, часова пазбавіў тысячы людзей святла і цяпла, паспрабаваў зламаць волю нацыі. Але ён толькі ўмацаваў рашучасць украінцаў абараняць сваю свабоду, а нас – падтрымаць Украіну ў яе барацьбе за існаванне, важнай для бяспекі Еўропы ды іншых краінаў», – заявіла амбасадарка ЗША ва Украіне Брыджжэт Брынк.

З такімі заявамі выступілі Аўстрыя, Францыя, Чэхія, а таксама АБСЕ. Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі дадаў больш канкрэтыкі. Ён заклікаў узмацніць санкцыі супраць Расеі, каб Масква не магла ствараць новай зброі з кантрабандных кампанентаў, і даць Кіеву ракеты далёкага радыусу дзеяння, што дазволіць знішчаць расейскія пускавыя пляцоўкі і камандныя цэнтры. Мы мусім адказаць на апошнюю атаку па Украіне зразумелаю Пуціным моваю, дадаў Сікорскі.

Вайна ва Украіне
Расейская ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр у Дняпры.
Фота: ДСНС України / Facebook

У сваю чаргу, кіраўнік украінскага МЗС Дмытро Кулэба назваў пяць канкрэтных крокаў, што мусяць зрабіць саюзнікі Украіны для больш эфектыўнага супрацьстаяння расейскай агрэсіі:

  • паскорыць наданне Украіне дадатковых сістэмаў паветранай абароны і боепрыпасаў;
  • даць Украіне баявыя беспілотнікі ўсіх тыпаў;
  • даць Украіне ракеты далёкага радыусу дзеяння – 300 км;
  • ухваліць выкарыстанне замарожаных расейскіх актываў для дапамогі Украіне;
  • ізаляваць расейскіх дыпламатаў у адпаведных сталіцах і міжнародных арганізацыях.

«Я думаю, што мы пабачым рэальную рэакцыю цягам кароткага часу, але цяпер я даволі скептычна настроены. То бок я не чакаю, што пасля такіх абстрэлаў адразу паскорыцца памер вайскова-тэхнічнай дапамогі Украіне. З адной простай прычыны: яна і так дастаткова значная. А Захад, у першую чаргу Еўропа, проста тэхнічна не гатовы да сур’ёзнага павелічэння гэтай дапамогі. То бок у найбольшай ступені гэта залежыць ад ЗША. Ёсць яшчэ фактар навагодніх і калядных святаў, які Расея таксама выкарыстоўвае», – дадае Яўген Магда.

Паводле ацэнак украінскіх вайсковых адмыслоўцаў, Расея можа без вялікіх перашкодаў і далей працягваць ракетна-дронавы тэрор. Заходнія санкцыі на ракетныя складнікі тым ці іншым чынам абыходзяцца, дый расейская абаронная прамысловасць таксама здолела назапасіць вялікую колькасць гэткіх боепрыпасаў. У Кіеве мяркуюць, што аднаўлення атак такога маштабу можна чакаць нават наступным тыднем.

«У нас дастатковы запас, каб збіваць расейскія ракеты, але ў нас яшчэ недастатковая колькасць сістэмаў, каб аднолькава абараняць і гарантаваць бяспеку ўсёй Украіны, як бы нам таго хацелася, як мы гэта плануем арганізаваць. Нам неабходныя і дадатковыя “Пэтрыяты”, якія вельмі добра сабе зарэкамендавалі, і “SAMP/T”, і іншыя падобныя», – кажа Аляксандр Мусіенка.

Сёння ж у лякарні Кіева памёр трыццаты пацярпелы ад самага масаванага абстрэлу расейцаў, што адбыўся летась дваццаць дзявятага снежня. Агулам жа ў выніку новай серыі расейскага тэрору загінулі не менш за сорак асобаў, сотні параненыя. Разбураныя дзясяткі жылых дамоў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»