Амерыканская выведка: шпіталь «аш-Шыфа» быў штабам «Хамасу»


Тэрарыстычныя арганізацыі «Хамас» і «Ісламскі джыхад» выкарыстоўвалі шпіталь у Газе як камандны цэнтр. Гэтую інфармацыю канчаткова пацвердзіла выведная супольнасць ЗША – аб‘яднанне амерыканскіх выведак. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Супольнасць выведак Злучаных Штатаў рассакрэціла інфармацыю пра шпіталь «аш-Шыфа» ў сектары Газа. Са звестак вынікае, што медычная ўстанова была таксама і камандным пунктам баевікоў «Хамасу», складам боепрыпасаў, а таксама месцам утрымання закладнікаў-ізраільцянаў, захопленых тэрарыстамі 7 кастрычніка. Таксама там былі размешчаныя медычныя брыгады.

«Выведная супольнасць ЗША ўпэўненая ў сваёй ацэнцы і незалежна пацвярджае інфармацыю, што “Хамас” і “Палестынскі ісламскі джыхад” выкарыстоўвалі шпітальны комплекс для розных мэтаў, звязаных з іхнымі дзеяннямі супраць Ізраілю. У тым ліку размяшчалі там камандную інфраструктуру, ажыццяўлялі пэўныя дзеянні камандавання і кантролю, захоўвалі пэўную колькасць зброі і ўтрымлівалі прынамсі некалькі закладнікаў», – паведаміў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік Выведнай супольнасці ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы атакі на шпіталь у сектары Газа 17 кастрычніка. Крыніца: Baza / Telegram

У лістападзе Армія абароны Ізраілю здзейсніла рэйд і знішчыла камандны пункт «Хамасу» ў шпіталі. Тады загінулі не менш за некалькі дзясяткаў асобаў. Рэйд і падрыў тунэлю пад шпіталем выклікалі хвалю крытыкі ў свеце, у тым ліку ад Сусветнай арганізацыі здароўя. Але выявілася, што тэрарысты пакінулі будынак і тунэлі пад ім за некалькі дзён да аперацыі, знішчыўшы дакументы і абсталяванне.

Звычайна шпіталі маюць статус абароненых аб’ектаў падчас вайны. Але яны страчваюць гэты статус, калі іх выкарыстоўваюць у ваенных мэтах. Цягам усяго часу аперацыі ізраільскай арміі ў палестынскім анклаве загінулі больш як 22 тыс. асобаў.

Ігар Дабралет, «Белсат»