Як найлепей выйсці з навагодняга застолля


Навагоднія выходныя мінулі, пакінуўшы за сабою не толькі святочны настрой, але і пачуццё цяжару і пару набраных кілаграмаў. А ў лядоўні яшчэ застаюцца недаедзеныя салаты ды іншыя стравы. Вярнуцца ў форму без пакуты і шкоды для арганізму дазволяць некалькі няхітрых правілаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Традыцыйна на святочны стол мы гатуем шмат страваў… і нярэдка пераядаем.

«Асноўныя прадукты, якія прыносяць у наш арганізм разбалансаванне, – гэта кансервацыя, марынады, саленні. Ну і, вядома, салодкае ў вялікай колькасці, якое з’ядаецца разам з іншымі прадуктамі і ўносіць дысананс: уздуцце кішэчніка, браджэнне і нейкія непрыемныя адчуванні», – зазначае дыетолаг і імунолаг Людміла Ганчарова.

У жаданні хутка вярнуцца ў форму шмат хто рэзка пераходзіць на жорсткую дыету або галаданне. Паводле Людмілы Ганчаровай, такі падыход мае адваротны эфект: арганізм у стрэсе пачынае набіраць вагу.

«Звярніце ўвагу на натуральныя прадукты. Гэта зеляніна, свежая садавіна і гародніна ў сырым выглядзе, няхай і прывезеныя з-за мяжы. І, вядома, бялковыя прадукты, бо мы бялковыя целы – гэта правільна прыгатаванае мяса, рыба запечаная», – падкрэслівае Людміла Ганчарова.

Меней есці ды спажываць больш вадкасці рэкамендуе галоўны трэнер гандбольнай каманды «Віцязь» і актывіст Свабоднага абʼяднання спартоўцаў Канстанцін Якаўлеў.

Падыходзіць да трэнавання гэтаксама варта ашчадна. Пачаць з кардыярэжыму – веласіпеда або актыўнай хадзьбы, раіць трэнер. Перагружванне інтаксікаванага арганізму можа прынесці больш шкоды, чым карысці.

«Асноўная памылка – калі чалавек не адчувае свайго арганізма і намагаецца адразу пачаць займацца з таго, на чым скончыў, пасля святаў. Калі ён адчувае свой арганізм, разумее, калі падымаецца наверх, на свой паверх – зʼяўляецца нейкая задышка, галаўныя болі, ціск, за гэтым трэба максімальна сачыць», – мяркуе галоўны трэнер гандбольнай каманды «Віцязь» Канстанцін Якаўлеў.

Цяпер існуе дастаткова платформаў, якія дазваляюць падабраць практыкаванні, якія найбольш вам пасуюць, і займацца ўдома. Трэнавацца можна і разам з беларускімі спартоўцамі са Свабоднага абʼяднання.

Недаедзеныя ж, але прыдатныя стравы можна аддаваць праз фудшэрынг. А вось салаткі на маянэзе лепей не захоўваць больш за содні, рэкамендуе дыетолаг Людміла Ганчарова.

Марыля Дакуцька, «Белсат»