Бюджэт (не)сацыяльнай дзяржавы


Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла бюджэт-2024. Амаль на 5 мільярдаў рублёў выдаткі бюджэту налета перавысяць даходы. Зацыраваць дзіркі плануюць у тым ліку за кошт штрафаў. Планы – рэкордныя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы ведалі, што ўлада Беларусі, акупанцкая ўлада Лукашэнкі, яны будуць разглядаць штрафы як адну з крыніцаў бюджэту. Яны ўжо пачалі рабіць гэта з 2020 года», – зазначае эканаміст, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Сапраўды, пачынаючы з пратэставага 2020 года сумы паступленняў у бюджэт ад штрафаў толькі раслі. Амаль 89 мільёнаў – у 2021, амаль 209 мільёнаў – праз тры гады. Розніца – каласальная.

«Дэпартамент аховы, патрульна-паставая служба міліцыі, ДАІ. Да іх даводзяць, да кожнага супрацоўніка, колькасць пратаколаў, колькі кожны мусіць прынесці за гэты дзень. Калі яны столькі не збяруць, іх дэпрэміююць», – сцвярджае супрацоўнік «BYPOL» Станіслаў Лупаносаў.

Амбітныя не толькі планы для атрымання штрафаў. У 2024 на 15 % збіраюцца павялічыць паступленні ў бюджэт ад заробкаў зняволеных. Калі сёлета гэта два 2 мільёны 600 тысяч рублёў, то налета плануюць сабраць больш за 3 мільёны.

«На звычайных зэках гэта не скажацца ніяк з адной простай прычыны: сярэдні заробак, наколькі я ведаю, там рубель, паўтара, два рублі. Таму калі ўтрымаюць яшчэ 15 % з гэтых грошай, гэта будзе неадчувальна, бо людзі ў лагерах жывуць не за кошт заробкаў, а за кошт таго, чым ім дапамагаюць сваякі», – кажа блогер рэсурсу «Народны рэпарцёр», былы палітвязень, працаўнік «BELPOL» Аляксандр Кабанаў.

Іншая рэч, калі зняволены – пенсіянер, падкрэслівае эксперт:

«У тых, хто не перааформіў пенсію на сваіх родных і блізкіх, а атрымоўвае пенсію ў лагеры, яе практычна цалкам забіраюць. Цяпер у іх будуць забіраць яшчэ больш, у пенсіянераў».

Нягледзячы на дэфіцыт, у новым бюджэце амаль на траціну вырастуць выдаткі на абарону, а сілавікі ад бюджэту атрымаюць 15 % прыбаўкі.

«Як і ў сталінскія часы, усё трымаецца на страху. А страх забяспечваюць сілавікі, карныя органы Лукашэнкі. Яны гэта пастаянна паказваюць, кожны дзень», – зазначае Станіслаў Лупаносаў.

Штрафы як крыніца напаўнення бюджэту – толькі верхавіна айсбергу, кажа Яраслаў Кот. Увагу варта звярнуць на канфіскацыю маёмасці і яе продаж:

«Гэта таксама прыбытак немалы. Ноўтбукі, фотакамеры сучасныя, мабільныя тэлефоны – тое, што ў першую чаргу яны канфіскуюць. Таксама грошы».

Вельмі часта ў такіх выпадках рэжым нацыяналізуе каштоўныя рэчы і нерухомасць у тых, хто з’ехаў ад рэпрэсіяў за мяжу.

Алесь Яшчанка, «Белсат»