Аграгарадок Копысь у заняпадзе?


Малая радзіма Лукашэнкі – вёска Копысь – вымірае. Прынамсі, так мяркуе мясцовы жыхар, які накіраваў адпаведную скаргу пра стан «пасёлка будучыні» у адміністрацыю дыктатара.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З пасёлку будучыні – у мясцовасць няздзейсненых мараў. Жыхар аграгарадку Копысь Віцебскай вобласці звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай дапамагчы адрадзіць малую радзіму. Паводле мужчыны, у пасёлку скарачаюцца працоўныя месцы, бо галоўнае прадпрыемства – цэх вытворчасці сыроў – не працуе. Да таго ж, больш за дзесяць гадоў не функцыянуе будынак Копыскага лясгасу, закрытыя дзве кавярні, а ў мясцовай школе засталіся семдзесят вучняў, бо сем’і з дзецьмі выязджаюць у горад. Прычыну заняпаду аўтар праекту «Рудабельская паказуха» Андрэй Павук бачыць у наступным:

«Чаму не атрымалася? Таму што гэтая сістэма яна накіраваная на тое, каб развальвацца. Яна нежыццяздольная. Таму што гэта вертыкаль, якая працуе на прапаганду і паказуху», – кажа блогер Андрэй Павук.

Мясцовыя ўлады хутка адрэагавалі на скаргу: праўда, не канкрэтнымі дзеяннямі, а артыкулам у «Аршанскай газеце», дзе распавялі, што Копысь – адзін з найлепшых пасёлкаў у вобласці. Там адзначылі, што закрыты сырзавод прадалі фермерскай гаспадарцы УП «МілкКАП» і там плануюць запусціць вытворчасць. Таксама адкрыюць і адную з кавярняў – у яе новы ўладальнік. А вось пра дэмаграфічныя праблемы ў артыкуле не сказалі ані слова. Між тым, колькасць насельніцтва пасёлка, паводле афіцыйнай статыстыкі, з 2015 года скарацілася амаль на дзвесце асобаў.

«Людзі не хочуць заставацца, бо няма заробкаў там. Адным жытлом ты чалавека не замацуеш. І людзі зʼязджаюць, дзе заробкі. Бо каб на вёсцы можна было жыць і зарабляць, то не трэба было б гэтыя дамы будаваць – людзі самі б сабе пабудавалі», – мяркуе журналіст «Белсату» Зміцер Лупач.

Апошняе маштабнае добраўпарадкаванне ў Копысі было ў 2017-м. Тады на ініцыятыву Лукашэнкі ў аграгарадку паклалі асфальт, зрабілі капітальны рамонт у мясцовай лякарні, скончылі рэстаўрацыю Пятроўскага валу, пабудавалі новыя дамы ды іншае. Выдаткавалі на гэта каля пяцідзесяці васьмі мільёнаў рублёў.

«Прынята рашэнне, што кожны год губернатар па два такіх пасёлка будзе прадстаўляць прэзідэнту. Вось у такім выглядзе. Тады за пяць гадоў мы пасёлкі гарадскога тыпу ўпарадкуем«, – заяўляў Лукашэнка.

Цяпер Беларусь мае 1417 аграгарадкоў. Пры гэтым нават прапагандысты прызнавалі праблемы, якія існуюць у «пасёлках будучыні». Жыхароў хвалююць праблемы якасці вады, стану дарог, транспартных зносінаў паміж населенымі пунктамі. Але галоўнае – тэндэнцыя скарачэння працаздольнага насельніцтва. Таксама не паўсюль ёсць газ: газіфікавана 1010 аграгарадкоў.

«Я дапускаю, што Лукашэнка сапраўды хацеў адрадзіць вёску – гэта было з найлепшых памкненняў. Але ў той сістэме, якую ён стварыў, гэта немагчыма: таму маем, што маем…Шмат у якіх аграгарадках зачыняюцца школы, зачыняюцца клубы – проста туды няма каму хадзіць», – кажа журналіст «Белсату» Зміцер Лупач.

Паводле нашых суразмоўцаў, для таго, каб беларуская вёска стала прывабнейшай для беларусаў, неабходна даць людзям больш самастойнага кіравання і эканамічных свабодаў. У той жа час Лукашэнка пакрысе вяртае прыгоннае права: на ліпеньскай нарадзе ён загадаў чыноўнікам вяршыць лёсы працаўнікоў аграпрадпрыемстваў, а менавіта – даваць дазвол на змену працы і новае ўладкаванне.

Наста Печанькова, Марыя Брыль, Белсат