Нашай журналістцы Кацярыне Андрэевай споўнілася 30 гадоў


Нашай журналістцы Кацярыне Андрэевай сёння спаўняецца 30 гадоў. Народзіны яна сустракае ў гомельскай папраўчай калоніі. Два папярэднія дні нараджэння Кацярына таксама правяла ў няволі. У гэты дзень мы хочам нагадаць, што Каця, як і іншыя 32 прадстаўнікі медыяў, застаецца закладніцай рэжыму Лукашэнкі і адбывае абсалютна несправядлівае пакаранне за сваю прафесійную – адданую, сумленную, якасную працу – у СМІ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нашая журналістка Кацярына Андрэева ў свой 30 Дзень народзінаў не ўдома, і не на працы, яе трымаюць у Гомельскай папраўчай калоніі. 15-га лістапада споўніцца роўна тры гады, як яе разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай затрымалі пасля іхнага супольнага стрыму з плошчы Пераменаў у Менску.

Спачатку дзяўчат арыштавалі па адміністратыўнай справе, але хутка выставілі крымінальнае абвінавачанне і засудзілі на 2 гады калоніі. Пасля адбыцця гэтага тэрміну Дарʼя выйшла з калоніі. А Кацярына Андрэева – не. Яе абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і дадалі за гэта яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

«Што стала канкрэтна вынікам яе новага тэрміну – невядома, зрэшты гэта не ёсць прынцыповым момантам, бо Кацярына сядзіць за сваю працу і фактычна гэта ёсць проста помста ўладаў за яе працу», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Кацін стан адразу пасля новага выраку апісвае Ася Булыбенка, якая ў той час таксама адбывала пакаранне ў Гомельскай папраўчай калоніі:

«Канечне, яна ўспрыняла гэта як шок, як і ўсе мы, бо на той момант такія тэрміны – гэта была рэдкасць, і гэтая страшная сітуацыя, калі табе працягваюць тэрмін, гэта страшна бʼе па псіхіцы і па чалавеку, але Каця прыняла гэта з гонарам».

Муж Каці, беларускі журналіст Ігар Ільяш напісаў у сацыяльных сетках, што Каця ні разу за гэтыя тры гады не пашкадавала, што абрала менавіта такі шлях. Ён працытаваў урывак з ейнага ліста:

«Мой асабісты выбар супаў з эпохай, іншага не было дадзена. Яно магло быць толькі: або ці або».

Пакуль Каця застаецца ў закладніках рэжыму Лукашэнкі, яе фізічнае здароўе пагаршаецца: моцна аслаб імунітэт, значна абвастрылася алергія, падае зрок. З псіхалагічным станам – лепей.

«Наколькі я ведаю, яна трымаецца, яна вельмі моцная дзяўчына, і я думаю, што яна ўсё перажыве. Галоўнае, калі яна выйдзе, – схапіць яе ў абдоймы і вадзіць па ўсіх дактарах», – кажа журналістка «Белсату», былая палітзняволеная Дарʼя Чульцова.

Трымацца – галоўнае, чаго зычаць Каці калегі з «Белсату».

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

«Каця, кожны дзень, калі я прыходжу на працу, я бачу цябе вось тут і я магу як мага хутчэй пабачыць цябе вось тут, ужывую, трымайся!», – перадае намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.

Каб прыспешыць выхад Каці і іншых журналістаў на волю, Беларуская асацыяцыя журналістаў інфармуе міжнародную супольнасць пра сітуацыю з палітвязнямі.

«Нашая краіна – гэта краіна-турма для журналістаў, і ў нас няма прамых рычагоў уплыву на Менск, на суды, але галоўнае, што мы робім, – не даваць гэтай тэме сыходзіць на другі, трэці парадак», – тлумачыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Акурат сёння – 2-га лістапада – адзначаецца і Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю за злачынствы супраць журналістаў. З гэтай нагоды еўрапейскія дыпламаты напісалі лісты за краты ўсім трыццаці тром зняволеным беларускім журналістам.

Аліна Скрабунова «Белсат»