Дзяды: вечар, калі памерлыя вяртаюцца дамоў


Святыя дзяды, хадзіце сюды. Нашыя продкі верылі, што на Дзяды памерлыя вяртаюцца дадому. Таму для іх адчынялі вокны і дзверы, а ўся сям’я збіралася ўвечары за сталом.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Успаміналі добрымі словамі дзядоў, нічога дрэннага пра іх не гаварылі. Каб не пакрыўдзіць, каб яны абавязкова прыйшлі, гэтыя дзяды», – распавёў фалькларыст Алесь Лозка.

Памінальная вячэра лічылася галоўнаю дзеяй на Дзяды. Каб задаволіць душы продкаў, стол накрывалі шчодры і багаты. Нездарма казалі – яды, як на Дзяды! Абавязкова на стале ставілі посуд для памерлых.

«У гэты посуд кожны лажыў кавалачак ежы. І перад тым, як выпіць, таксама адлівалі туды для душаў памерлых», – патлумачыў Алесь Лозка.

Памінальныя вячэры на Дзяды беларусы ладзяць і цяпер. Увечары ўзгадваюць памерлых продкаў, а днём ходзяць на могілкі. Традыцыі наведваць і парадкаваць могілкі на Дзяды дагэтуль прытрымліваюцца пераважна каталікі, бо праваслаўныя маюць асобны памінальны дзень – Радаўніцу. Але ісці або не ісці на месцы пахавання – кожны вызначае сам, кажа святар Аляксандр Шрамко.

«Могілкі наведваць – я думаю, гэта такі практычны аспект. Каб паказаць сваю пашану, прыбраць, каб было чыста, прыгожа. Кветачкі паставіць. Гэта для самога сябе больш».

Дзяды ў Вільні, Літва. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Дзяды, як і Радаўніца, у Беларусі лічацца дзяржаўным святам. А да 1998 года Дзень памяці быў яшчэ і выходным. Статус гэтага дня змяніў Лукашэнка сваім указам. У 2017-м беларускія каталікі звярталіся да чыноўнікаў з просьбаю зрабіць другога лістапада зноў выходным. Тады службоўцы назвалі гэта «немэтазгодным». Але ў будучыні ўсё ж варта вярнуць гэтаму дню былы статус, мяркуе Аляксандр Шрамко:

«Ужо склалася такая традыцыя за некалькі гадоў, калі гэты дзень быў выходны, ужо ў праваслаўнай царкве сталі людзі прыходзіць, памінальныя службы служылі. І, магчыма, гэта стаў бы такі дзень агульны».

Дзяды для беларусаў сталіся днём памінання не толькі продкаў, але і ахвяраў сталінскага, а цяпер і лукашэнкаўскага, рэжымаў. Гэтак, напярэдадні адмысловы мітынг адбыўся ў Варшаве. А сёння ў Вільні правялі шпацыр памяці рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў.

«Ідэя была ў тым, каб паставіць свечкі тым, на чые магілы мы не можам прыйсці. Бо яны або расстраляныя невядома дзе, або загінулі ў ГУЛАГу і мы канкрэтна не ведаем, дзе іхныя магілы», – распавяла арганізатарка вандровак Валерыя Чарнаморцава.

На могілках, за сталом або на шэсці – гэты дзень яшчэ адная нагода ўзгадаць тых, каго з намі ўжо няма. Бо, як кажуць, чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць.

Ірына Юрʼева, «Белсат»