Дзяды: менавіта ў Беларусі старажытнае паганскае свята захавалася найлепш


«Святыя дзяды, ляціце сюды!» – так некалі ў гэты дзень гаспадар дому запрашаў продкаў на святочную вячэру. Дзяды – дзень, калі, паводле ўяўленняў беларусаў, памерлыя продкі завітваюць да нашчадкаў. Менавіта ў Беларусі старажытнае паганскае свята захавалася найлепш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У каталікоў Дзяды святкуюцца 2 лістапада, гэта звязана з днём ушанавання памерлых. У праваслаўных Дзяды прымеркаваныя да свята Змітра, якое святкуецца 8 лістапада, і Дзяды святкаваліся ў пятніцу, суботу перад Змітром. Таму называюцца змітраўскія», – тлумачыць культурніцкая менеджарка і фолк-спявачка Святлана Чакушка.

Перад святкаваннем парадкавалі могілкі, хадзілі ў царкву, але галоўная дзея адбывалася ў хаце – памінальная вячэра для продкаў з адмысловымі рытуальнымі стравамі. Падчас вячэры дзядоў згадвалі добрымі словамі.

«Каб у сям’і быў дабрабыт, быў добры ўраджай, было добрае здароўе, таму што беларусы верылі, што ёсць сувязь паміж зямным светам і светам памерлых, што продкі могуць нейкім чынам паспрыяць дабрабыту ў сямʼі», – кажа Святлана Чакушка.

Сёння для беларусаў Дзяды сталі не толькі святам памінання ўласных продкаў. 35 гадоў таму, 1-га лістапада 1987-га, моладзевае абʼяднанне «Талака» і таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» ўпершыню зладзілі публічную акцыю ўшанавання продкаў у скверы Янкі Купалы ў Менску.

«Дзяды вярнуліся ў Беларусь, якраз у час змагання з камуністамі, час змагання са злачыннай ідэалогіяй, якая прынесла нашай зямлі пяць хваляў рэпрэсіяў, якая ўдарыла гэтак жа моцна па беларусах, як абедзве сусветныя войны», – перакананы лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

А ўжо наступная акцыя на Дзяды, у 1988-ым, скончылася разгонам, згадвае яе суарганізатар Вінцук Вячорка. Каб не даць людзям сабрацца ля Усходніх могілак у Менску, улады скарацілі маршрут метро, і тысячы ўдзельнікаў ішлі да могілак пешкі.

«Але ўжо на падыходзе да Усходніх могілак самых актыўных з нас чакала слезацечная газа, чакаў хапун, непрыкметныя “Жыгулі”, у якія валаклі нашых людзей непрыкметныя людзі ў цывільным. Дасталося і Алесю Бяляцкаму, дасталося і мне», – узгадвае Вінцук Вячорка.

У 1989-ым, на наступнай акцыі, удзельнікі ўжо дайшлі да Курапатаў.

Шэсці ў Курапаты на Дзяды ладзіліся з таго часу штогод, удзел у іх бралі дзясяткі тысяч беларусаў. А ў незалежнай Беларусі дзень ушанавання продкаў стаў вольным ад працы. Але пры ўладзе Лукашэнкі афіцыйны выходны адмянілі, Курапаты ўлады спрабавалі ўзяць пад свой кантроль, а шэсці разганяліся як у Менску, так і ў рэгіёнах.

Шматлікім шэсце ў Курапаты зноў сталася ў 2020-ым, падчас паслявыбарчых мірных пратэстаў. Вынікам маршу супраць тэрору, што адбыўся 1-га лістапада, сталіся больш як тры сотні затрыманых і больш за дзве сотні крымінальных справаў.

«Цяперашнія ўлады дакладна паўтараюць тыя рэпрэсіі, супраць якіх мы пратэставалі ў 1988 годзе, і памяць ахвяраў, якіх тады і цяпер мы ўшаноўваем», – кажа Вінцук Вячорка.

Шмат хто з арганізатараў і ўдзельнікаў ранейшых акцыяў застаецца за кратамі ў Беларусі – як нобэлеўскі лаўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі, мастак Алесь Пушкін ці абаронца Курапатаў Зміцер Дашкевіч. А тысячы беларусаў, апроч сямейнага памінання продкаў, за межамі краіны ладзяць акцыі ўшанавання ахвяраў і сталінскага, і лукашэнкаўскага рэжымаў.

«Мерапрыемствы, якія адбываюцца ў гэтыя дні, дні жалобы, дні смутку, дні ўспамінаў пра продкаў па-за межамі беларусаў – гэта сведчанне таго, што Дзяды зноў вернуцца ў Беларусь і зноў будзе традыцыйны шлях на Курапаты, якім мы хадзілі дзясяткі гадоў», – перакананы Вячаслаў Сіўчык.

Бо шэсце на Дзяды, як і святочная памінальная вячэра, ужо сталася неадымным складнікам нашай ідэнтычнасці як свабоднага беларускага народу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»