Для студэнтаў увядуць вайсковую падрыхтоўку


Беларускія студэнты будуць праходзіць вайсковую падрыхтоўку – заява пра гэта прагучала не ад Міністэрства адукацыі, а ад людзей у пагонах. Навошта гэта магло спатрэбіцца рэжыму Лукашэнкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Налета для ўсіх беларускіх студэнтаў увядуць вайсковую падрыхтоўку – анансаваў начальнік вайсковага факультэту Беларускага дзяржуніверсітэту транспарту Аляксей Паддубны. Бо не ўсе маладыя людзі потым трапляюць у армію. Вайсковая падрыхтоўка грамадзянаў можа быць карыснай для краіны. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі не ўсе ўкраінцы, што траплялі, напрыклад, у тэрытарыяльную абарону, умелі абыходзіцца са зброяй, кажа падпалкоўнік запасу ЗСУ Мікола Саламаха. Паводле яго, узровень мілітарызацыі краіны вызначаецца адэкватнасцю яе суседзяў.

«З кім Бельгіі ваяваць? З іншапланетнікамі? У Еўропе ўсё даўно ўсталявалася. Апошняя ўспышка ідыятызму была хіба ў нацысцкай Нямеччыне», – кажа Мікола Саламаха.

Мілітарызм у Беларусі – гэта з’ява збольшага ідэалагічная, мяркуе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Прымусовая вайсковая служба (прынамсі, калі я служыў) – гэта ў вялікай ступені прамыўка мазгоў. Пяцьдзясят адсоткаў часу ты мыеш падлогу і чысціш бульбу, а пяцьдзясят адсоткаў табе проста прамываюць мазгі, які варожы Захад і як хоча скінуць бомбу на Беларусь», – прыгадвае Франак Вячорка.

Калі нават жаўнеры тэрміновай службы не заўжды маюць грунтоўную вайсковую падрыхтоўку, то ці змогуць улады даць яе студэнтам?

«Гэтыя вайсковыя зборы, вайсковая падрыхтоўка ва ўніверсітэце мае на мэце выдрэсіраваць лаяльных, паслухмяных, мілітарызаваных хлапчукоў, якія будуць выконваць загады, што спускаюць зверху, але ці будуць яны рэальна вучыцца ваяваць і абараняць радзіму – я вельмі сумняюся», – кажа Франак Вячорка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы. Скрыншот “Белсат”

Гэтак званым вайскова-патрыятычным выхаваннем насельніцтва ўлады заняліся пасля падзеяў 2020 года. Прынялі нават адмысловую праграму. Пасаду намесніка дырэктара па вайскова-патрыятычным выхаванні ўвялі ў беларускіх школах. Для дзяцей ствараюць адпаведныя клубы. Цяпер, падобна, дабраліся і да студэнтаў.

«Усё гэтае нагнятанне – гатовасць да вайны, якая, спадзяюся, не перарасце ў нешта большае і горшае. Але гэта сёння ягоная палітыка. Грамадства трэба трымаць у стрэсе. Паказваць, што ёсць моцная рука, якая можа быць вырашэннем усіх праблемаў», – разважае намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў кадравых пытаннях Юрый Губарэвіч.

Мілітарызацыя грамадства ва ўмовах дыктатуры нясе, аднак, пэўныя пагрозы для самога рэжыму, мяркуе Мікола Саламаха.

«Дыктатура, з аднаго боку, імкнецца грамадства мілітарызаваць. З іншага – яна вымушаная мець супрацьвагу. Бо чым болей народ гатовы выкарыстаць зброю, тым большы карны апарат неабходна трымаць, каб не было пагрозы з боку гэтага народу», – кажа падпалкоўнік запасу ЗСУ.

Зноў прыгадаем першы дзень поўнамаштабнае вайны, калі толькі ў Кіеве ўлады раздалі ўкраінскім добраахвотнікам 10 тысяч аўтаматаў. Але ці наважыцца рэжым Лукашэнкі масава ўзброіць беларусаў, калі раптам наспее такая патрэба?

Валянцін Васіленка, «Белсат»