МЗС Польшчы выказаў Беларусі рашучы пратэст


Рэальнасць, у якую цяжка паверыць. Беларускія вайсковыя верталёты – у паветранай прасторы Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Беларускі бок не даў ніякіх тлумачэнняў. Яны даўно настроены да нас варожа», – заявіў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблонскі.

Сведкамі парушэння паветранай прасторы Польшчы з боку Беларусі сталі многія жыхары польскага памежжа:

«Два верталёты. Адзін вялікі вайсковы, дакладна вайсковы, бо быў з ракетамі. Другі быў крыху меншы. Але гэта былі вайсковыя верталёты. Яны ляцелі адзін за адным на адлегласці 20 метраў. Вось тут праляцелі, развярнуліся і паляцелі на беларускую мяжу».

«Гэта былі не звычайныя верталёты, якія лятаюць уздоўж мяжы. Не, гэта нейкія іншыя. Гэта два нейкія баявыя верталёты».

«Я выйшаў з дому і бачу цяжкія, магутныя верталёты, якія ляцяць у мой бок. Калі яны павярнулі над маёй хатай, я ўбачыў савецкую зорку на гэтым верталёце. Я пабег па фотаапарат, але не паспеў зрабіць здымку. Добра, што іншыя паспелі сфатаграфаваць».

Фота верталётаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» апублікавала польская валанцёрка Эліза Кавальчык. Улады Польшчы спачатку факт мінання мяжы зняпраўдзілі.

«Нашыя радыёлакацыйныя сістэмы не зафіксавалі парушэння паветранай прасторы Польшчы. Беларускі бок праінфармаваў нас, што сёння ў памежнай зоне будуць працаваць да трох беларускіх верталётаў», – казаў прадстаўнік Аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы, падпалкоўнік Яцэк Гарышэўскі.

Яцэк Гарышэўскі падкрэсліў: палёты беларускіх вайсковых верталётаў можна разглядаць як звычайныя, а тое, што іх заўважылі жыхары Белавежы, – звычайная з’ява ў памежным рэгіёне. Аднак ужо ўвечары ў Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы пацвердзілі факт парушэння паветранай прасторы двума баявымі верталётамі з Беларусі. А заяву Гарышэўскага пра радыёлакацыйныя сістэмы ў вайсковым ведамстве патлумачылі тым, што верталёты ляцелі на вельмі малой вышыні. Міністэрства абароны Беларусі пракаментавала інцыдэнт наступным чынам:

«Паведамленне, не пацверджанае звесткамі аб’ектыўнага кантролю з боку Польшчы, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь разглядае ў стылі “адна бабка сказала” і адзначае, што парушэння паветранай прасторы верталётамі Мі-24 і Мі-8 не было».

Беларускі верталёт, што парушыў паветраную прастору Польшчы. 1 жніўня 2023 года.
Фота: SluzbyiObywatel / Twitter

Падобныя сітуацыі на мяжы будуць паўтарацца, упэўнены намеснік міністра абароны Польшчы Войцех Скуркевіч:

«Дзеянні рэжыму Лукашэнкі носяць правакацыйны характар, абсалютна няма згоды мірыцца з такімі дзеяннямі войскаў менскага рэжыму. Польшча прыняла рашэнне аб павелічэнні колькасці польскага войска на ўсходняй мяжы. Такія рашэнні паўсталі ўчора падчас паседжання Камітэту бяспекі. Больш войскаў, больш заангажавання, сілаў і сродкаў. А таксама прысутнасць баявых верталётаў на ўсходніх тэрыторыях – усё гэта будзе адказам на правакацыю з боку Беларусі. Мы мусім быць падрыхтаванымі да таго, што такія сітуацыі, на жаль, будуць здарацца. І мы мусім адэкватна адказваць на патэнцыйныя пагрозы».

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што інцыдэнт з верталётамі мог здарыцца выпадкова. Вайсковы эксперт Іван Ступак таксама мяркуе, што казаць пра адмысловую правакацыю пакуль рана:

«Украіна карыстаецца сістэмамі супрацьпаветранай абароны, якія знаходзяцца на ўзбраенні краінаў NATO. Мы паспяхова бачым 77 адсоткаў “Shahed”, якія ляцяць, 70 адсоткаў ракетаў х-101. Натаўская зброя класная! Усё яна бачыць! Усё яна заўважае. Але ў штаб-кватэры NATO вырашылі зрабіць выгляд, што нічога не бачым і нічога страшнага. Магчыма, гэта выпадкова».

Але калі гэта была правакацыя, то ці будуць наступствы для Лукашэнкі?

«Я мяркую, тут нейкіх радыкальных наступстваў чакаць не выпадае. Гэта ўсе тыя самыя кроплі, якія ідуць, і ў пэўны момант гэтых кропляў будзе так шмат, што будуць прынятыя радыкальныя меры. Вось калі гэта будзе – то гэта пытанне адкрытае. Але іх становіцца ўсе больш і больш», – кажа палітолаг і гісторык Аляксандр Фрыдман.

Інцыдэнт з беларускімі верталётамі ў паветранай прасторы Польшчы пракаментавалі і ў Пэнтагоне. Там даволі сціпла заявілі: «Мы будзем і далей працаваць, каб кожны квадратны сантыметр NATO заставаўся ў бяспецы».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»