Украіна ўпершыню атакавала Татарстан


Моцны выбух і пажар. Гэта кадры не з Украіны ці расейскага Белгараду, а татарстанскай Алабугі. Мясцовыя ўлады заявілі пра атаку беспілотнікаў. Відэа з момантам трапляння лятальнага апарату ў будынак апублікавалі расейскія тэлеграм-каналы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адказнасць за атаку ўзяло на сябе Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны. Аперацыю можна лічыць унікальнаю. Бо ад украінскай мяжы да Татарстану – тысяча дзвесце кіламетраў. Дый атаку здзейснілі не звычайным дронам. Гэта можна пабачыць на стоп-кадры. Паводле авіяаматара Ігара Кулея, на відэа – двухмесны звышлёгкі лятальны апарат з высокаразмешчаным крылом украінскай вытворчасці «Аэрапракт A-22»:

«Яго можна распазнаць па вельмі характарыстычных некаторых зарысах. Па-першае, крылы пастаўлены, па-другое, як пераходзіць фезюляж у хвост, вельмі вялікі таксама кіль у яго. Незвычайны для такіх маленькіх самалётаў».

Практыка перароблівання самалётаў у БПЛА няновая. Гэтак, падчас вайны Азербайджану і Арменіі Баку выкарыстоўваў старыя «кукурузнікі» АН-2 у якасці дронаў.

«Украінцы перанялі гэтую тэхналогію. Яны ўзялі самалёт паставілі туды сістэму дыстанцыйнага кіравання. Магчыма, аўтаномную. Магчыма, з прымяненнем камеры і недзе ва Украіне сядзеў пілот, які гэтым кіраваў і бачыў, куды ён ляціць. Цяжка гэта сказаць. Я думаю, што калісьці толькі ГУР пра гэта раскажа», – кажа Ігар Кулей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Двухмесны звышлёгкі лятальны апарат з высокаразмешчаным крылом украінскай вытворчасці «Аэрапракт A-22».
Фота: wikipedia.org / Adrian Pingstone

Пакуль жа ва ўкраінскай выведцы ўдакладняюць толькі цэль атакі – завод для збору дронаў-камікадзэ тыпу «Шагэд». Летась у чэрвені Белы дом апублікаваў спадарожнікавы здымак, які пацвярджаў, што ў Татарстане ўзводзяць такую вытворчасць.

«Гэта рэальна быў удар па заводзе, які выпускае гэтыя Шагэды і прычым выпускае іх масава. Расейцы абвяшчалі магутнасць гэтага заводу ў 6000 беспілотнікаў у год. Гэта проста вялізная колькасць. І гэтыя беспілотнікі ці ледзь не штодня прылятаюць па Украіне», – кажа авіяцыйны эксперт Валерый Раманенка.

У той жа час незалежнае расейскае медыя «Протокол» апублікавала расследаванне, паводле якога, для збору іранскіх дронаў прыцягвалі студэнтаў каледжу «Алабуга Палітэх». Падлеткам даводзілася соднямі працаваць на вытворчасці з кароткімі перапынкамі на сон і ежу. Ёсць сведчанні, што да цяжкой працы прыцягваліся няпоўнагадовыя маладзёны з афрыканскіх краінаў.

«Гэтыя студэнты ўласна на вытворчых лініях збіраюць асобныя элементы гэтых Шагэдаў. Тамака, дзе патрэбны мінімальны інтэлект, гэта значыць, сістэмы навігацыі, сістэмы кіравання. Вось. Праводзяць рэгуляванне гэтых сістэмаў. Праводзяць рэгуляванне рухавікоў», – дадае Валерый Раманенка.

Атакаваў украінскі бок і нафтаперапрацоўчы завод у суседнім з Алабугаю Ніжнякамску. Прадпрыемства ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых НПЗ Расеі. Праз такія атакі, паводле выдання «Ройтэрз», Масква ўжо рэзка павялічыла імпарт беларускага паліва.

«Пакуль мы ведаем толькі пра невялікія лічбы паставак, невялікія аб’ёмы паставак у Расею. Гэта кропля ў моры. Гэта не робіць пагоды, так бы мовіць, і не прыносіць беларускаму боку ні вялікіх даходаў, ні прыбыткаў. Незалежна ад цаны», – распавядае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Пагатоў Крэмль можа запатрабаваць з беларускага боку паставак на дармовай аснове. І праз эканамічную залежнасць Лукашэнку давядзецца пайсці на ўмовы Масквы.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»