Чэкісты з прапагандыстамі аб'ядналіся


ОНТ і КДБ – у шчыльнай супрацы. Свет пабачыў рэпартаж пра спецаперацыю камітэту для выяўлення нібыта дыверсантаў на паўднёвай мяжы. Грамадзянаў Беларусі і Украіны вінавацяць у перамяшчэнні выбухоўкі і арганізацыі сховішчаў на тэрыторыі нашай краіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я б ацэньваў усё, што дэманструе беларуская дзяржпрапаганда асцярожна, тым больш, што многае з таго, што яны дэманструюць, не адпавядае таму вобразу дзеянняў Украіны, які сфармаваўся за гады вайны», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Але, мяркуючы з відэа, затрыманні праводзіліся надзвычай жорстка. Адной асобе – Дзмітрыю Капузу – сілавікі стрэлілі ў нагу.

«Катаванні недапушчальныя ў любым выглядзе, – даводзіць праваабаронца «Human Rights Impact»Раман Кісляк. – Іншы момант – прэзумпцыя невінаватасці, гэта частка пакета на справядлівае судовае разбіральніцтва, і людзі, якіх падазраюць або абвінавачваюць, не павінныя быць паказаныя ў такім выглядзе ў прынцыпе».

У фільме паказалі таксама Сяргея Ерамеева, якога затрымала летась ФСБ. На кадрах бачна, што яго водзяць на ланцугу. Самое затрыманне адбылося ў Расеі. Ерамеева абвінавацілі ў падрыве цягнікоў на БАМе, а пасля этапавалі ў маскоўскае СІЗА «Лефортава». З таго часу незалежныя адвакаты не маюць доступу да мужчыны. Выглядае, яго прынамсі на нейкі час вывозілі ў Беларусь для правядзення следчых дзеянняў.

«Ён пазбаўлены магчымасці мець зносіны з навакольным светам, што таксама ўспрымаецца як катаванне, паколькі гэта цалкам дэзарыентуе чалавека. Гэта дае магчымасць мацней запалохаць чалавека, прымусіць яго замаўчаць», – кажа Раман Кісляк.

Адкрытым застаецца пытанне, ці сапраўды асобы з фільму звязаныя з рыхтаваннем дыверсіяў.

«Можа не будзе ніякіх судоў, а будуць новыя затрыманні, каб пра тыя старыя затрыманні людзі забыліся і не пыталіся. Гэта якраз і пакажа, ці гэта было сапраўднае затрыманне, ці не», – мяркуе кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Сілавікі ў Менску, Беларусь. 29 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

На карысць гэтай версіі могуць сведчыць ранейшыя выпадкі з выкрыццём нібыта дыверсантаў. Напрыклад, у 2017 годзе сілавікі справаздачыліся пра джып, які прарываўся з боку Украіны. У 2021-ым гэткіх джыпаў было ўжо 150 з літоўскага боку. Згодна з афіцыйнаю версіяй, яны не прарываліся праз мяжу, а толькі мелі такі намер. Тады ж Лукашэнка расказваў пра меркаваны захоп сваіх дзяцей:

«У планах захоп дзіцяці, аднаго-другога, як атрымаецца. “Пасадзім у склеп”. Дарэчы, у Гомельскай вобласці склеп падрыхтавалі. Мы затрымалі групу, яны правялі, паказалі, як гэта ўсё планавалі».

У выніку па гэтых агучаных выпадках нікога так і не асудзілі.

«КДБ паказвае сваю працу перад Лукашэнкам. Мы дакладна ведаем, што частка акцый, якія нібыта былі на тэрыторыі Беларусі, – гэта правакацыі, створаныя самімі супрацоўнікамі КДБ, – разважае Аляксандр Азараў. – Яны паказваюць, што нібыта працуюць, што ўсё ў іх пад кантролем, яны затрымаюць кожнага, хто нават нешта падумае супраць дыктатара».

Калі нават меркаваць, што ва Украіне рыхтуюцца да дыверсіяў, то з якою мэтаю?

«Нават калі гэта праўда, – разважае вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак. – Цэлямі не з’яўляюцца грамадзяне Беларусі, не зʼяўляецца нават дыктатарскі рэжым Рэспублікі Беларусь. Гіпатэтычнымі цэлямі могуць быць выключна расейскія вайскоўцы, расейская вайсковая тэхніка, якая размешчаная ў краіне, і выкарыстоўваецца супраць Украіны».

Як тое было летась з расейскім самалётам А-50 у Мачулішчах, антэну якога вывелі з ладу. Напярэдадні СБУ прызнала, што мела дачыненне да гэтай атакі. Лукашэнка працяглы час адмаўляў страту дарагога летака. Галосных прэтэнзіяў на адрас Украіны ні ў адным з дыверсійных выпадкаў афіцыйна Менск не выстаўляў.

Ян Федаровіч, «Белсат»