10 гадоў без Рыгора Барадуліна


«Трэба дома бываць часцей

трэба дома бываць не госцем,

каб душою ты стаў чысцей,

І не страціў святое штосьці».

Радкі, блізкія кожнаму беларусу, спадчына Рыгора Барадуліна. 10 гадоў таму народны паэт Беларусі пайшоў з жыцця.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Аднойчы ехаў да маці ў Берасце, у цягніку, і ў суседнім купэ гляджу: Барадулін! Я зайшоў павітацца і кажу: Добры дзень, Рыгор Іванавіч! Ён мяне спыніў: Не называйце мяне Рыгор Іванавіч. Дзядзька Рыгор», – узгадвае пісьменнік, журналіст Аляксандр Лукашук.

Такім простым, сціплым быў Рыгор Барадулін. Паэт, перакладчык, эсэіст. Пабачылі свет дзясяткі зборнікаў ягонай паэзіі. Барадулінскія радкі перакладзеныя на 31 мову.

«Ён выкручваў верш з любой тэмы. Рытміка, пластыка верша, рыфма: унутраная, калі ўнутры верша рыфма, і вонкавая. Усё ён рабіў бліскуча», – зазначае літаратуразнаўца Васіль Дранько-Майсюк.

Між іншага, у спадчыну беларусам дзядзька Рыгор пакінуў цудоўныя вершы для дзяцей, эпіграмы, гумарэскі.

«Гумар Барадуліна праяўляўся ў экспромтах. Ён умеў імправізаваць, ён умеў ствараць файныя гумарныя чатырохрадкоўі. Часта ягоны гумар быў не такі добры, мілы, лагодны. Часам ён быў такі саркастычны, з’едлівы», – кажа Васіль Дранько-Майсюк.

Шматграннасць паэта праявілася ў зборніку беларускага эратычнага фальклору «Здубавецця».

«Эротыка, секс – гэтая частка жыцця яна вельмі энергічная. У прынцыпе любы паэт не можа на яе не звярнуць увагу. Там адбываецца вельмі шмат цікавага. І канечне талент Барадуліна не мог прайсці міма яго», – мяркуе Аляксандр Лукашук.

За зборнік духоўнае паэзіі «Ксты» Рыгора Барадуліна вылучалі на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. А адзін з апошніх вершаў паэт прысвяціў Украіне і Рэвалюцыі годнасці. «Не схіліць чало Спадарыня Беларусь, Незалежная, як жыццё, Нэнька Украіна».

Алесь Яшчанка, «Белсат»