Прарасейская актывістка заклікае знішчыць помнік Ларысе Геніюш


Вольга Бондарава вядомая змаганнем з беларускай культурай і мовай у Горадні. З ейнай ініцыятывы ўжо зняволілі некалькі беларусаў, летась у лістападзе знялі партрэты беларускіх дзеячаў з пляцоўкі перад прыватным музеем Анатоля Белага. Гэта ў тым ліку Ларыса Геніюш, браты Луцкевічы і Кастусь Каліноўскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Наступная мэта праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай – знішчыць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. У лісце да кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, Ігара Сергеенкі, яна тлумачыць сваю ініцыятыву тым, што Генпракуратура тройчы адмаўляла ў рэабілітацыі беларускай паэткі. Паэтка, перакладчыца і сябра Беларускага ПЭН Таццяна Нядбай патлумачыла, чаму да Ларысы Геніюш можа быць такая ўвага:

«Няўхільная пазіцыя па беларускасці, адданасць сваім прынцыпам, мужнасці, безапеляцыйнай мужнасці. Канешне, яна раздражняе тых, хто хоча сілаю, гвалтам і страхам скарыць, застрашыць».

Ларыса Геніюш была беларускай паэткай, дзяячкай нацыянальнага руху і адбыла зняволенне ў ГУЛАГу. А Вольга Бондарава вядомая змаганнем з беларускай культурай і мовай у Горадні. Таццяна Нядбай дапускае, што ініцыятыву прарасейскай актывісткі па знішчэнню помніка ўлады могуць падтрымаць:

«Тут ёсць усе прыкметы таго, што гэта можа быць падтрымана, таму што ўлада ў нас сёння антыбеларуская, улада падтрымлівае і актыўна прасоўвае ідэалогію рускага свету ў Беларусі і ненавідзіць усё нацыянальнае, усё беларускае».

На Гарадзеншчыне ўзяліся і за польскую культуру. У касцёле ў Солах на загад уладаў зафарбавалі фрэску «Цуд на Вісле». Яна паказвае Варшаўскую бітву 1920 года, якая ўратавала незалежнасць Польшчы ў польска-савецкай вайне. Роспіс ужо зафарбоўвалі ў савецкія часы, але пасля аднавілі і асвяцілі яшчэ раз.

«Гэтую фрэску маляваў беларус. Гэта мастак з Браслаўшчыны Пётр Сяргеевіч. У 1934 годзе. Гэтая фрэска акурат адлюстроўвала тую сумесную ў 1920 годзе супраць бальшавікоў, у якой удзельнічалі таксама і беларусы», – тлумачыць журналіст, былы рэдактар «Каталіцкага Весніку» Зміцер Лупач.

А польскую мову ў касцёлах назвала праблемай кіраўніцтва Іўеўскага раёну на сустрэчы з мясцовымі святарамі 28 лютага. Маўляў, гэта супярэчыць закону «Аб мовах». Тым часам, партал «catholic.by» паведамляе, што Каталіцкі касцёл – сусветны, яго літургія перакладзеная амаль на ўсе мовы. Тое, што некаторыя службы праводзяць на польскай мове для прадстаўнікоў польскай дыяспары, не парушае закону. Гэтак, у Беларусі ёсць імшы і па-англійску – для студэнтаў з Азіі ды Афрыкі.

«Гэта я лічу такой надуманай прычынай прычапіцца, таму што, як вядома, большасць вернікаў беларускіх праваслаўных моляцца на царкоўнаславянскай мове, якая таксама дзяржаўнай не з’яўляецца. Гэта самая вялікая дыяспара ў Беларусі, і яна падтрымліваецца Польшчай. Гэта ўлады вельмі напружвае», – дадае Зміцер Лупач.

Катуюць не толькі культуру, але і людзей. Актывіст Саюзу палякаў у Беларусі, публіцыст і журналіст Анджэй Пачобут з-за кратаў піша, што яго тыдзень трымалі ў камеры-адзіночцы. А таксама палітвязень падаў апеляцыю на свой прысуд – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Яна Шэк, «Белсат»