МУС: арганізатары мітынгаў «ЧВК Редан» затрыманыя


52 падлеткі, у тым ліку сорак аднаго непаўналетняга, затрымала міліцыя ў Берасці. Там ля буйных гандлёвых цэнтраў спрабавалі сабрацца прадстаўнікі «ЧВК Редан».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Падлеткі да 16 гадоў атрымаюць папярэджанне з пастаноўкай на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Тым, хто старэйшы за 16 гадоў, дадаткова пагражае адміністратыўная адказнасць. Высвятляюцца асобы, якія маюць дачыненне да арганізацыі незаконнай масавай акцыі», – заявіў прадстаўнік Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму Віктар Шэўлік.

МУС падае, што адзін з затрыманых нібыта меў пры сабе пнеўматычны пісталет. Магчыма, гэтым сілавікі хочуць апраўдаць жорсткасць пры затрыманні дзяцей. Паводле парталу «Zerkalo.io», да затрыманых падлеткаў у Гомлі ставіліся як да злачынцаў: доўга трымалі на холадзе з заведзенымі за галаву рукамі.

«Жудасна, насамрэч, на холадзе было стаяць, я цяпер з тэмпературай удома пасля гэтага. Я не разумею нашай міліцыі ў тым плане, каб затрымліваць усіх, каго бачаць. Нельга было на месцы допыт зладзіць, а не везці ў аддзяленне кучу людзей? Наогул, я падазраю, што міліцыя ведала, што будзе сустрэча, яна чакала там загадзя», – паведаміў 17-гадовы затрыманы жыхар Гомля.

Затрыманні прыхільнікаў «ЧВК Редан» адбыліся па ўсёй Беларусі. У Гомлі днямі затрымалі каля 200 чалавек, таксама паведамляецца пра затрыманні ў Воршы, Магілёве і Менску.

«Сілавікі не будуць разбірацца ў прычынах, што да чаго. Для іх што футбольныя фанаты, што анархісты, што палітычныя актывісты, што нейкія моладзевыя гульцы ў анімэ – усе аднолькава небяспечныя, і ў прынцыпе, любая такая актыўнасць будзе забароненая. Пры тым, што ніводнага прыкладу, каб рэальна гэтыя падлеткі здзейснілі хоць нейкае злачынства, – ніякага такога прыкладу мы не бачылі», – пракаментаваў справу каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Першапачаткова «ЧВК Редан» – нефармальнае аб’яднанне прыхільнікаў японскай мангі «Hunter X Hunter». А яшчэ такую назву носіць брэнд, які выпускае адзенне з выявай павукоў. Удзельнікі віруснага руху маюць даўгія валасы, апранаюцца ў чорныя байкі з выявай павука і штаны ў краткі. Галоўнай ідэяй самой мангі ёсць супрацьстаянне байцоў з футбольнымі фанатамі.

«Дзецям уласціва абʼядноўвацца, бо ў падлеткаў лішак агрэсіі, яны не задаволеныя сабой і ім гэта кудысьці трэба выплюхваць. А аснова гэтага “ЧВК Редан”, што нібыта трэба выступаць супраць кагосьці і выступаць супраць свету, – гэта падспудная такая інфармацыя, што свет небяспечны», – кажа псіхолаг Ала Марціновіч.

У Беларусь «ЧВК Редан» прыйшоў 22 лютага з Расеі і Украіны, заявіў падчас прэс-канферэнцыі міністр унутраных справаў Іван Кубракоў:

«Як толькі гэткая інфармацыя зʼявілася ў сеціве, мы адразу пачалі працаваць. І пайшлі ў першую чаргу па адміністратарах, па тых блогерах, якія паспрабавалі “гайпануць”. Усе яны былі затрыманыя, асаблівы тыя, хто заклікаў сабрацца ў пэўным месцы».

Пасля масавых затрыманняў ля гандлёвых цэнтраў міліцыя пайшла шукаць прыхільнікаў «ЧВК Редан» у школы. Цяпер усе дырэктары і класныя кіраўнікі мусяць правесці з вучнямі і іхнымі бацькамі размову аб недапушчэнні ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

Аліна Скрабунова, «Белсат»