З дня нараджэння Кастуся Каліноўскага мінула 186 год


186 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. З нагоды ўрачыстай даты беларускія вулічныя мастакі пастанавілі стварыць мурал памяці Каліноўскага ў Варшаве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зараз у гэтыя часы беларускага адраджэння мы павінныя памятаць нашых герояў. І менавіта аднаўляць усё тое, тую памяць, гісторыю, якая была знішчаная і саўком, і ў часы царызму», – кажа мастак і дызайнер Міхась Смольскі.

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў вёсцы Мастаўляны (сучасная Польшча). Беларускі і польскі рэвалюцыянер, публіцыст, паэт. Адзін з лідараў антыімперскага паўстання 1863–1864 гадоў. Нацыянальны і народны герой у сучасных Беларусі, Польшчы і Літве.

Але апошнім часам у лукашэнкаўскай Беларусі чыноўнікі і прапагандысты намагаюцца ачарніць Каліноўскага, прыпісваючы яму злачынствы. І гэта пры тым, што нават у савецкі час камуністычныя ўлады шанавалі памяць аб знаным рэвалюцыянеры.

«Савецкае пакаленне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянера Каліноўскага з царызмам. А сёння на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе яго барацьбы за ідэю аднаўлення польскай Рэчы Паспалітай гуляе знешні вораг… Апублікаваныя падрабязнасці зверскіх расправаў каліноўцаў з беларускім праваслаўным насельніцтвам ужо многіх працверазілі. Выразалі людзей за нежаданне падтрымліваць польскае паўстанне, гэта значыць за пазіцыю, за вернасць сваёй ідэнтычнасці», – заявіў кіраўнік Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергеенка.

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Giuseppe Achille Bonoldi / wikimedia.org

У той жа час у гонар Каліноўскага названыя вуліцы ў шматлікіх гарадах нашай краіны. А ў 2017 годзе на пахаванні нацыянальнага героя і іншых паўстанцаў у Вільні прысутнічаў нават віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка.

«Падчас паўстання было некалькі дзясяткаў інцыдэнтаў, калі паўстанцкія атрады сапраўды вешалі ў вёсках людзей але часцей за ўсё не за тое, што яны былі праваслаўныя, а ў межах вось гэтага змагання. То бок за тое, што людзі, напрыклад, даносілі на размяшчэнне паўстанцкіх атрадаў. Або самі палявалі на паўстанцаў. Ну, і вось з гэтай прычыны адбыўся канфлікт», – тлумачыць гісторык Цімафей Акудовіч.

Дайшло нават да таго, што так званы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігар Марзалюк прапанаваў прыбраць Каліноўскага са школьных падручнікаў. Працэс рушыўся. Летась знакавы раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», дзе адзін з герояў – Кастусь Каліноўскі, выключылі са школьнай праграмы. А ў Свіслачы гімназію нумар 1, названую ў гонар славутага земляка, перайменавалі ў гонар падпольшчыцы Праскоўі Васіленкі.

«Каліноўскі ў гэтым кантэксце абсалютна непатрэбны ўладзе. Гэта адно. Ну а другое, не будзем забываць, што ёсць праграма Каліноўскага, ёсць полк імя Каліноўскага. То бок тут яшчэ і канатацыя такая да апазіцыйных стварэнняў, утварэнняў, да апазіцыйных арганізацыяў», – кажа доктар гістарычных навук, прафесарка Святлана КульСяльверстава.

Кастусь Каліноўскі быў пакараны смерцю ў 1864 годзе ў Вільні падчас паўстання супраць прыгнёту Расейскай імперыі. У 2017 годзе парэшткі яго ды іншых паўстанцаў выпадкова знайшлі падчас працаў для ўмацавання Замкавай гары.

«Гэта быў мужчына 25-26 гадоў. Ён ляжаў на баку, рукі за спінай звязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагменты абутку, гузікі, медальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны медальён, унутры якога з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога – моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы святога Казіміра», – узгадваў тады археолаг Нацыянальнага музею Літвы Гіціс Грыжас.

Нягледзячы на спробы рэжыму сфальсіфікаваць вобраз Кастуся Каліноўскага, ён працягвае жыць у фільмах, мастацкіх творах і вось такіх муралах, як сёння малявалі ў Варшаве. А таксама ў назве палка беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер змагаюцца супраць расейскай агрэсіі ва Украіне.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»