Дэманстрацыя пратэсту на найвышэйшым узроўні. На Кліматычным саміце ў Дубаі прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы адмовіліся нават стаяць побач на адной пляцоўцы з Аляксандрам Лукашэнкам і байкатавалі агульнае фатаграфаванне. Самаабвешчаны кіраўнік дзяржавы, аднак, скарыстаўся пляцоўкай, каб папрасіць грошай і адмену санкцыяў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Тое, што арганізатары запрасілі Аляксандра Лукашэнку на Кліматычны саміт, не азначае, што варта дзяліць з ім кампанію, палічылі прэзідэнты Латвіі, Літвы і Польшчы. Сёння ў Дубаі Эдгар Рынкевіч, Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа адмовіліся ўдзельнічаць у традыцыйным агульным фатаграфаванні.
«Было б крывадушна стаяць поплеч з лідарам дзяржавы, якая сталася плацдармам для расейскай агрэсіі супраць Украіны, і абмяркоўваць будучыню свету, нібы нічога не адбылося. Гэта называецца “сямейнае фота”. Лукашэнка не ўваходзіць у тую сям‘ю, да якой мы хочам належаць», – заявіў прэзідэнт Літвы.
Лукашэнкаўскія прапагандысты адрэагавалі даволі брудным выказваннем, назваўшы кіраўнікоў суседніх дзяржаваў «аматарамі Гітлера і Бандэры».
Сам Лукашэнка падчас выступу заявіў, што яго несправядліва душаць санкцыямі.
«Мы развіваем зялёную і атамную энергетыку, мінімізуючы рызыкі зменаў клімату. Але ў адказ атрымліваем новыя эканамічныя санкцыі, бар’еры ў міжнародным гандлі, абмежаванні доступу да тэхналогіяў. Зялёная павестка бессэнсоўная ва ўмовах канфрантацыі», – заявіў у выступе Аляксандр Лукашэнка.
Пасля 2020-га года краіны свету ігнаруюць падобныя заявы Лукашэнкі, разумеючы, што гэта палітычныя гульні, тлумачыць Валер Кавалеўскі.
«Гэтую канфрантацыю Лукашэнка распачынаў сам. Гэта датычыцца і падзеяў пасля 2020-га года ў Беларусі, і асабліва пасля таго, як Лукашэнка далучыўся да агрэсіі супраць Украіны. Бо гэты ўзброены канфлікт нясе значную шкоду для навакольнага асяроддзя, не кажучы пра зялёную эканоміку», – падкрэсліў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах.
Асуджэнне вайны, як аднаго з найбольш небяспечных фактараў уплыву на клімат, гучала на саміце перадусім ад дэмакратычных краінаў.
«Мы таксама мусім змагацца з найгоршымі выпадкамі экацыду, як той, што здзяйсняе Расея ў сваёй агрэсіі супраць Украіны. Гэтыя дзеянні не сумяшчальныя з міжнародным правам і супярэчаць нашым агульным намаганням спыніць кліматычныя змены», – заявіў падчас выступу прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Калі Гітанас Наўседа распавёў аб пераходзе Літвы на аднаўляльныя крыніцы энергіі і пра вытворчасць вадароду, то Лукашэнка паўтараў даўнія тэзісы:
«Мы надаем бясцэнныя экасістэмныя паслугі нашаму кантыненту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду – натуральныя балоты, лясы».
Гэтыя заявы для замежнікаў супярэчаць заявам для беларусаў. Лукашэнка быў і застаецца аматарам асушэння балотаў пад палі.
«Так давайце вяртайце, гаспадаркі і раёны, тое, што можаце самі. Пакуль вялікая меліярацыя да вас не прыйдзе, не трэба чакаць», – распараджаўся Лукашэнка ў 2008-м.
«Меліярацыя мусіць сёлета зрабіць пэўныя высновы, каб налета неяк табе дапамагчы», – загадваў ён і ў 2020-м.
Беларусь можа быць экалагічнай і заможнай дзяржавай, калі скарэктуе старыя спосабы вядзення гаспадаркі, мяркуе Валер Кавалеўскі:
«Цэлы шэраг беларускіх экспертаў цяпер займаецца распрацоўкай рэформаў, якія можна аднесці да канцэпцыі «Зялёнай Беларусі», дзе ў дэмакратычнай краіне будуць распрацоўвацца і рэалізоўвацца менавіта такія праграмы, якія дазволяць зрабіць нашую эканоміку чыстай і сучаснай, канкурэнтаздольнай».
Сёлета Аляксандр Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў дзеянне ў Беларусі дзвюх міжнародных экалагічных канвенцыяў: аб удзеле грамадства ў рашэнні экалагічных пытанняў і аб ахове дзікай прыроды ў Еўропе.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»