Прадаецца культурная спадчына. Танна


«Прайшоў аўкцыён, яго прадалі», – так на нашае пытанне – «які лёс чакае палац Радзівілаў у Дзятлаве?» – адказалі ў Камітэце дзяржаўнай маёмасці Гарадзенскага аблвыканкаму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Вечерний Гродно» паведаміў, што набыў гістарычны будынак сярэдзіны васямнаццатага стагоддзя за сто беларускіх рублёў расейскі бізнесовец, які Беларусь наведваў толькі як турыст.

«Магу сказаць дакладна, што палац будзе мець толькі сацыяльную скіраванасць, пра камерцыялізацыю аб’екту гаворкі не вядзецца. Улічваючы, што там раней быў шпіталь, магчыма, зʼявіцца рэабілітацыйны цэнтр ці іншая ўстанова для дапамогі людзям», – цытуе выданне Святлану, давераную асобу пакупніка.

Прадстаўнік роду Радзівілаў, прадпрымальнік і мецэнат культуры Мацей Радзівіл кажа, што сямʼя гатовая перадаць новаму ўладальніку палацу лічбавыя копіі партрэтаў былых гаспадароў ды іншыя матэрыялы для экспазіцыі.

«Гэты палац быў звязаны з родам перадусім у сямнаццатым, васямнаццатым і палове дзевятнаццатага стагоддзя, і звязаны з лініяй Радзівілаў, якую мы называем бэрдычаўскай, якая мела таксама маёнткі ва Украіне. Гэтая лінія больш як сто гадоў таму згасла і нават не ведаю, хто быў бы нашчадкам гэтага палацу, калі б не палітычныя змены», – кажа Мацей Радзівіл.

Ужо наступным тыднем адбудзецца чарговы аўкцыён для продажу будынку былога кляштару кармелітаў у Глыбокім. Пачатковая цана – трыццаць два рублі. А ў канцы снежня ў Берасці гэтаксама паспрабуюць прадаць будынкі, што належаць комплексу Берасцейскай крэпасці. Такія цэны – агульнасусветная практыка, кажа дацэнт ЕГУ, эксперт у пытаннях захавання культурнай спадчыны Сцяпан Стурэйка:

«Гэты танны продаж, абцяжараны неабходнасцю правядзення навуковай рэстаўрацыі аднаўлення і ўвядзення ў строй гэтага будынку».

Паўнавартасная навуковая рэстаўрацыя – дарагая і забюракратызаваная захада. Працэс узгаднення можа заняць некалькі гадоў. Часта з гэтых прычынаў пакупнік не можа выканаць умовы, што падпісаў пры набыцці будынку.

«Шэраг будынкаў ужо быў вернуты такім чынам. Дзяржава назад вярнула, у прыватнасці, гэта адбылося з тым жа гарадзенскім броварам і, здаецца, з некаторымі сядзібамі таксама», – кажа Сцяпан Стурэйка.

Гэтаксама, мяркуецца, вернецца ва ўласнасць дзяржавы і слонімская сінагога, якую два гады таму выкупіла пісьменніца Ілона Караваева, яна прадала дзеля гэтага кватэру ў Менску.

Пры гэтым унясенне будынкаў у спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў ратуе іх ад адвольнай перабудовы ці знішчэння, як гэта адбылося з будынкам віннага бровару дзевятнаццатага стагоддзя ў Бабруйску. Абʼект прызналі аварыйным і, нягледзячы на звароты супольнасці, знішчылі.

Як жа ратаваць культурную спадчыну? За мяжой на дзяржаўным узроўні распрацоўваюць кампенсацыйныя захады, што дапамагаюць інвестарам, якія наважыліся ўкладаць у яе свае сродкі.

«Хтосьці выкарыстоўвае метад ільготнага падаткаабкладання, хтосьці раздае гранты, што, напрыклад, пакрываюць частку выдаткаў/ Cкажам, выдаткі, звязаныя з даследаваннем будынкаў, або выдаткі, звязаныя з кансервацыйнымі захадамі», – пералічвае Сцяпан Стурэйка.

Адрэстаўраваныя гістарычныя будынкі могуць, між іншага, прыцягнуць турыстаў і сродкі ў малыя мястэчкі.

«Ёсць вялікая група беларусаў, для якіх гэтая спадчына вельмі важная і без усялякай платы яны хочуць удзельнічаць у аднаўленні гэтай часткі сваёй ідэнтычнасці. Гэта толькі будынкі, але гэтыя будынкі адсылаюць нас да той мінуўшчыны, на якой, спадзяюся, будзе будавацца вольная Беларусь», – кажа Мацей Радзівіл.

Пакуль жа няма дзяржаўнага падтрымання, варта змагацца прынамсі за надаццё будынкам ахоўнага статусу, раяць адмыслоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»