На будаванні БелАЭС ашчадзілі больш як 4,5 млрд долараў


Другі энергаблок Беларускай АЭС у Астраўцы ўвялі ў прамысловую эксплуатацыю. Сёння прыёмная камісія на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Пятром Пархомчыкам падпісала адпаведны акт. Праўда, планавалася запускаць другі энергаблок яшчэ тры гады таму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За парушэнне тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Расеі кампенсацыі:

«У нас тэрміны крыху зрушыліся ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі з прычыны расейскага боку. І, натуральна, па дамове мы паставілі перад імі пытанне аб кампенсацыях. Гэтага хаваць не трэба. Нічога, ізноў жа, тамака надзвычайнага не было. Але тым не менш такія былі пытанні пастаўленыя ў сувязі з тым, што парушаны тэрміны ўводу станцыі. І адказнасць за гэта нясе расейскі бок».

Лукашэнка ўдакладніў, што расейскі бок у якасці кампенсацыяў ужо прапанаваў знізіць цану на ядравае паліва і прадаваць яго Беларусі як для ўнутрырасейскага рынку. Акрамя таго, Расея прапанавала пашырыць гарантыйныя абавязанні на асноўныя вузлы АЭС да пяці гадоў.

Беларуская АЭС складаецца з двух энергаблокаў з рэактарамі ВВЭР-1200. Магутнасць кожнага – 1,2 ГВт. Будаванне першага блоку пачалося 8 лістапада 2013 года, а другога – 27 красавіка 2014-га. Планавалася, што першы энергаблок запусцяць восенню 2018 года. Другі ж блок збіраліся ўвесці ў эксплуатацыю летам 2020 года. Аднак запусціць атамную станцыю ў гэтыя тэрміны не ўдалося.

Паводле палітолага Дзмітрыя Балкунца, Лукашэнка гэткія заявы на адрас расейскага боку зрабіў свядома, бо тэрмін пагашэння расейскага крэдыту на БелАЭС пачынаецца з першага красавіка 2024 года:

«Праблема ў тым, што ў Беларусі няма чым плаціць за гэты крэдыт. Яго трэба пагашаць па графіку вызначанаму. Беларусь ніколі не аплачвала ніводны расейскі крэдыт са сваіх рэсурсаў. Заўсёды пагашэнне ўсіх крэдытаў, якія Беларусь брала ў Расеі, адбывалася за кошт атрымання новых крэдытаў».

У «Росатаме» зрух тэрмінаў будавання АЭС патлумачылі пандэміяй каронавіруса і складанымі замежнанепалітычнымі абставінамі:

«Сам праект рэалізоўваўся ў краіне, што ўпершыню стала на шлях вялікай атамнай энергетыкі. У нас ніколі не стаяла задачы паскорыць працэс будавання на шкоду патрабаванням бяспекі».

Гэтую заяву «Росатаму» расейскі фізік-ядравік і ўдзельнік беларускай антыядравай праграмы Андрэй Ажароўскі назваў дзіўнай:

«”Росатаму” нічога не перашкаджала ў тэрміны пабудаваць. Унутры Расеі “Росатам” кажа, што ніякія санкцыі на нас не дзейнічаюць. У нас імпартазамяшчэнне. Як магла пандэмія на гэта паўплываць, калі ў іх кантроль на ўваходзе на будаўнічую пляцоўку і прышчэпкі? Я таксама ўвогуле гэта дрэнна разумею. Яны б маглі спазніцца не тыдзень-два. Але там гаворка ідзе пра гады!»

БелАЭС. Астравец, Беларусь. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Министерство энергетики Республики Беларусь / Facebook

Нягледзячы на зацягнутыя тэрміны, на будоўлі станцыі змаглі заашчадзіць больш як чатыры з паловаю мільярда долараў ЗША. Першапачаткова Расея на будаванне атамнай станцыі ў Беларусі адкрывала крэдытную лінію на дзесяць мільярдаў долараў. Насуперак пашыранай думцы, афіцыйны Менск гэтых грошаў на свае рахункі ў Нацыянальным банку не атрымліваў.

«Усе грошы ішлі ў скарбонку “Росатама”, таму што “Росатам” быў генпадрадчыкам. І “Росатам” атрымліваў гэтыя грошы, а не Рэспубліка Беларусь. І відавочна, што калі гэтыя грошы выдзеленыя, навошта ж іх назад у бюджэт вяртаць? Іх выдаткуюць там. Ну, Лукашэнка, я памятаю, у 19-м годзе прасіў грошы гэтыя аддаць яму, каб ён іх сам выдаткаваў. Але Крэмль тады адмовіўся. І пытанне, якое зараз прапрацоўваецца, – гэта другая электрастанцыя», – кажа Дзмітрый Балкунец.

Але якім чынам «Росатаму» ўдалося заашчадзіць больш за чатыры з паловаю мільярда долараў?

«Вось тут мы і знаходзім прычыну тых дзясяткаў тысяч недаробак, аб якіх беларускія кіберпартызаны паведамлялі. Тут мы знаходзім прычыну, чаму яны нанялі нейкіх дэбілаў, якія не змаглі рэактар устанавіць і ўранілі яго і пашкодзілі. Упершыню ў сусветнай гісторыі! Тут мы знаходзім чаму пры транспарціроўцы наступнага корпуса рэактара яго аб слуп ударылі. Таму што эканомілі на ўсім!», – кажа Андрэй Ажароўскі.

А колькі ж каштуюць АЭС у свеце? Андрэй Ажароўскі прыводзіць прыклад Фінляндыі. Там праект ужо трэцяй у краіне атамнай электрастанцыі з адным энергаблокам ацэньвалі больш як на дзевяць мільярдаў долараў. То бок – як роўны першапачаткова закладзенаму кошту беларускай станцыі з двума энергаблокамі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»